30 лістапада Святы Айцец Францішак прыме на прыватнай аўдыенцыі амерыканскага рэжысёра Марціна Скарсэзэ, рэжысёра фільма «Маўчанне», які распавядае пра евангельскую місію партугальскіх святароў у Японіі.
Сустрэча будзе праходзіць у ватыканскім Апостальскім палацы.
Візіт сусветнавядомага рэжысёра ў Рым звязаны з закрытай прэм’ерай яго фільма. Паказ фільма «Маўчанне» (англ. — Silence), знятага па рамане Сюсаку Энда студыяй «Paramount», адбыўся 28 лістапада ў Папскім усходнім інстытуце.
«Маўчанне» — ключавая праца ў творчасці Энда. Галоўны герой твора — партугальскі святар-езуіт, які ў XVII стагоддзі прыбывае ў Японію ў якасці місіянера. Ён быў схоплены, спазнаў катаванні і быў вымушаны на словах адмовіцца ад сваёй веры. Аднак у рэчаіснасці манах працягвае сваю місію таемна.
Скарсэзэ імкнуўся зняць фільм на аснове кнігі японскага пісьменніка больш за 20 гадоў. Сусветная прэм’ера «Маўчання» пройдзе 23 снежня.