Пантыфік прыняў групу французскіх палітыкаў |
Святы Айцец |
01.12.2016 08:41 |
Будаваць больш справядлівае і чалавечае грамадства, у якім запануюць гасціннасць і братэрства, заклікаў Папа Францішак 30 лістапада французскіх палітыкаў з рэгіёну Рона-Альпы, якія здзейснілі пілігрымку ў Ватыкан разам з арцыбіскупам Ліёна кардыналам Філіпам Барбарэнам. У аўдыенцыі прынялі ўдзел каля 250 чалавек. «Безумоўна, французскае грамадства багатае патэнцыялам і адметнасцямі, якія пакліканы стаць магчымасцямі, каб рэспубліканскія каштоўнасці свабоды, роўнасці і братэрства не толькі ўзвышаліся ілюзорным чынам, але паглыбляліся і разумеліся ў суадносінах з іх сапраўдным фундаментам, які мае трасцэндэнтны характар», — адзначыў Пантыфік. Святы Айцец падкрэсліў, што хрысціяне пакліканы ўдзельнічаць у дыскусіі на тэму каштоўнасцяў разам з вернікамі «ўсіх іншых рэлігій і ўсімі людзьмі добрай волі, нават няверуючымі, каб спрыяць развіццю лепшага свету». Паводле Папы, у пошуку супольнага дабра палітыкі павінны мець асаблівую ўвагу да найбольш неабароненых, «не забываючы пра мігрантаў, якія беглі са сваіх краін па прычыне вайны, беднасці і насілля». |