Патрыярх Барталамей атрымаў пасланне ад Папы Францішка |
Святы Айцец |
01.12.2016 12:14 |
Кожны год 30 лістапада, у свята святога апостала Андрэя, дэлегацыя Святога Пасаду наведвае Стамбул і перадае Патрыярху Канстанцінопальскаму спецыяльнае пасланне ад Папы. Дэлегацыя ж Патрыярха, у сваю чаргу, прыязджае ў Рым 29 чэрвеня, у свята святых апосталаў Пятра і Паўла. Сёлета дэлегацыю з Ватыкана ўзначальваў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У Стамбуле да дэлегацыі далучыўся і Апостальскі Нунцый у Турцыі арцыбіскуп Пол Рассэл. Ватыканскія іерархі прынялі ўдзел у Боскай літургіі, якую ўзначаліў Патрыярх Барталамей у патрыяршым саборы святога Георгія. Затым адбылася размова з Патрыярхам і сінадальнай камісіяй, адказнай за адносіны з Каталіцкім Касцёлам. Пасланне Святога Айца было прачытана на заканчэнне літургіі. У ім Папа Францішак нагадвае, між іншым, пра Усеправаслаўны сабор, які прайшоў у чэрвені гэтага года на Крыце і які пацвердзіў агульнае імкненне да аднаўлення адзінства хрысціян. Пантыфік таксама падкрэслівае ролю дыялогу, які дапамагае праваслаўным і католікам супрацоўнічаць у справе абвяшчэння Евангелля, міру, чалавечай годнасці, сямейных каштоўнасцяў і клопату пра агульную справу. Паводле sib-catholic.ru |