Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак прызначыў новага старшыню Папскай акадэміі літаратуры і мастацтваў
Святы Айцец
07.12.2016 10:19

Папа Францішак 6 снежня прызначыў новага старшыню Папскай акадэміі вытанчаных мастацтваў і славеснасці віртуозаў пры Пантэоне.

Ім стаў італьянскі прафесар Піо Балдзі, былы кіраўнік Галоўнага ўпраўлення архітэктуры і сучаснага мастацтва італьянскага Міністэрства спадчыны і культуры, былы старшыня італьянскага Нацыянальнага музея мастацтваў XXI стагоддзя.

Папская акадэмія літаратуры і вытанчаных мастацтваў, так гучыць яе скарочаная назва, была заснавана 5 кастрычніка 1542 г. манахам-цыстэрсам Дэзідэрыё дзі Адз’юторыа.

Першапачаткова яна называлася «таварыствам» і была афіцыйна прызнана Папам Паўлам III. Сходы яе членаў праходзілі ў рымскім Пантэоне, а самі яны называліся «віртуозамі» (ад італьянскага virtuoso — дабрадзейны, доблесны), дзякуючы чаму таварыства, а пасля і акадэмія, атрымалі сваю назву.

У склад Акадэміі ў свой час уваходзілі Караваджа, Берніні, Віньёла, Канова і многія іншыя выбітныя мастакі, скульптары і дзеячы мастацтва.

У 1928 г. Папа Пій XI зацвердзіў новы статут Акадэміі, вызначыўшы яе мэту — спрыяць вывучэнню, рэалізацыі і ўдасканаленню вытанчаных мастацтваў, перш за ўсё сакральнага мастацтва, а таксама павышэнню духоўнага ўзроўню майстроў культуры.

Сёння агульная колькасць акадэмікаў — 60 чалавек. Яны падзелены на заслужаных і ганаровых. Акадэмікі ўваходзяць у склад пяці секцый па сферах мастацтва: архітэктары, мастакі і кінематаграфісты, скульптары, музыканты і дзеячы музычнага мастацтва, паэты і пісьменнікі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.