Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік прыняў дэлегацыю хрысціян з Фінляндыі
Святы Айцец
19.01.2017 17:38

Лютэр прагнуў абнаўлення Касцёла, а не яго падзелу, падкрэсліў папа Францішак 19 студзеня падчас традыцыйнай штогадовай сустрэчы з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі. Ужо на працягу амаль 30 гадоў у Рым прыбываюць прадстаўнікі лютэран, праваслаўных і католікаў гэтай краіны, каб пакланіцца яе нябеснаму заступніку, св. Генрыху.

У сваёй прамове Пантыфік заўважыў, што «сапраўдны экуменізм грунтуецца на супольным навяртанні да Езуса Хрыста, як нашага Пана і Адкупіцеля». «Калі мы разам набліжаемся да Яго, набліжаемся таксама адно да аднаго. У гэтыя дні будзем мацней маліцца да Святога Духа, каб абудзіў у нас гэтае навяртанне, якое робіць магчымым прымірэнне», — сказаў Папа.

Святы Айцец узгадаў пра свой мінулагодні візіт у шведскі Лунд, прымеркаваны да 500-годдзя пачатку Рэфармацыі. Ён адзначыў важнасць дасягненняў у дыялогу паміж католікамі і лютэранамі і заклікаў захоўваць у сэрцы шчырае пакаянне за правіны.

«У Лундзе ўзгадвалася, што памкненнем Марціна Лютэра пяцьсот гадоў таму было абнаўленне Касцёла, а не яго падзел. Гэта сустрэча напоўніла нас адвагай і сілай, каб глядзець наперад, на нашага Пана Езуса Хрыста, на экуменічным шляху, які мы пакліканы прайсці разам», — дадаў Пантыфік.

Папа выказаў спадзяванне на далейшае збліжэнне з лютэранамі ў пытаннях тэалогі і этыкі. Святы Айцец падкрэсліў таксама важнасць супольнага сведчання веры перад светам і клопату пра пакутуючых ад беднасці, пераследаў і насілля.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.