| Папа Рымскі сустрэўся з Арнольдам Шварцэнэгерам | 
	| Святы Айцец | 
	| 26.01.2017 17:56 | 
| Сустрэча адбылася 25 студзеня ў Ватыкане падчас агульнай аўдыенцыі 
Пантыфіка. 69-гадовы Шварцэнэгер прэзентаваў Пантыфіку кнігу пра 
амерыканскі штат Каліфорнію, губернатарам якой ён быў з 2003 па 2011.  
 Вядома, што Арнольд Шварцэнэгер — практыкуючы католік. 
 Сёння акцёр і палітык займаецца заснаванай ім у 2010-м годзе незалежнай арганізацыяй «R20 — Суб’екты кліматычных дзеянняў», якая імкнецца дапамагчы субнацыянальным урадам краін ва ўсім свеце развіваць ідэю выкарыстання нізкага ўзроўню вугляроду і трымацца тых мадэляў эканамічнага развіцця, якія не прыводзяць да змянення клімату.
  
 У часы губернатарства Шварцэнэгера ў Каліфорніі ў параўнанні з іншымі часткамі ЗША былі ўведзены больш строгія нормы для газавых выкідаў  транспартных сродкаў.
 
 Былы губернатар Каліфорніі выступае за абарону навакольнага асяроддзя, а таксама за развіццё новых метадаў у медыцыне, некаторыя з якіх, аднак, Каталіцкі Касцёл не ўхваляе.
 
 У свой час ён наступным чынам выказваўся адносна выкарыстання бюджэтных сродкаў на развіццё медыцыны: «Я католік і вельмі адданы католік, але гэта не перашкаджае прыняццю маіх рашэнняў. Я ведаю, што, напрыклад, даследаванні ствалавых клетак могуць спрыяць у лячэнні шэрагу хваробаў. Таму я за развіццё медыцыны ў гэтым напрамку».
 
 Паводле Ватыканскага радыё і сайта mogaznews.com (IL)
 
 
 |