Былы прэс-сакратар Святога Пасаду: пантыфікат Францішка з’яўляецца «раем для новых сродкаў масавай інфармацыі» |
Святы Айцец |
02.02.2017 08:36 |
Характар папы Францішка выдатна адпавядае сучасным сродкам камунікацыі, падкрэсліў 31 студзеня ў Вене былы дырэктар Залы Друку Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён быў ганаровым госцем на юбілейных урачыстасцях з нагоды 70-й гадавіны аўстрыйскага каталіцкага агенцтва Kathpress. «Можна з упэўненасцю сказаць, што пантыфікат Францішка з’яўляецца “раем для новых сродкаў масавай інфармацыі”. Для іх добра пасуе гэта спантаннасць жэстаў, слоў і вобразаў Папы», — сказаў італьянскі езуіт, які быў «голасам» трох Пантыфікаў: Францішка, Бэнэдыкта XVI і св. Яна Паўла II. Паводле кс. Ламбардзі, Ян Павел II «разбурыў сцены, якія падзялялі Еўропу». Ён быў «нястомным вандроўнікам у кожны куток Зямлі». Цудоўна ўмеў камунікаваць з людзьмі, размаўляў на некалькіх мовах, меў вялікую здольнасць прамога кантакту з чалавекам, быў «майстрам слова і жэсту» —нават пасля таго, як у выніку хваробы ў апошняй фазе жыцця страціў голас. Бэнэдыкта XVI кс. Ламбардзі апісаў як «слугу, што шукае ісціну, а не лёгкія кампрамісы». Гэта было бачна падчас крызісу, звязанага з абвінавачваннем духавенства ў сексуальных злачынствах, калі Папа ініцыяваў працэс дакладнага разгляду кожнага асобнага выпадку і шлях «пакорнага і сапраўднага ачышчэння». Бэнэдыкт XVI таксама заслужыў вялікую павагу да сябе праз уменне цвяроза ацэньваць свае сілы адносна адказнасці, звязанай з кіраваннем Касцёлам. Яго адстаўка з пасады Біскупа Рыма «адкрыла для яго пераемнікаў новую прастору свабоды». І, нарэшце, папа Францішак гэта, паводле кс. Ламбардзі, «прапаведнік Евангелля, як слова суцяшэння і радасці, міласэрнай любові Айца да ўсіх Ягоных тварэнняў, пачынаючы з самых бедных». Святар апісаў яго як «пастыра, які вядзе свой Касцёл». |