| 
  У швейцарскім Фрыбургу па ініцыятыве каталіцкіх біскупаў краіны, у мясцовым Каталіцкім універсітэце 12 лютага прайшла канферэнцыя, прысвечаная першай гадавіне гістарычнай сустрэчы папы Францішка з Патрыярхам Кірылам у Гаване. 
У форуме на тэму «Дыялог працягваецца надалей: выклікі і перспектывы» прынялі ўдзел шматлікія прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы.  Сярод іх — кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Іларыён і старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох.  
  Паводле каталіцкага іерарха, сустрэча ў Гаване была не проста аднаразовай падзеяй, але пачаткам новай будучыні ў паглыбленні ўзаемных адносін і супрацоўніцтва.  «Пасля гэтай сустрэчы супрацоўніцтва паміж намі стала больш інтэнсіўным. Гэта быў важны і абнадзейваючы знак для вернікаў абедзвюх канфесій, якія хочуць наблізіцца адзін да аднаго», — сказаў кардынал Кох.
  Для мітрапаліта Іларыёна сутрэча ў Гаване дала новы імпульс у адносінах паміж католікамі і праваслаўнымі. «У многіх галінах мы больш шчыльна супрацоўнічаем, як, напрыклад, на Блізкім Усходзе, дзе разам праводзім гуманітарныя ініцыятывы», — сказаў ён і дадаў, што трэба прыкласці ўсе намаганні, каб абараняць там пераследаваных хрысціян. 
  На яго думку, трэба таксама вырашыць канфлікт паміж праваслаўнымі і грэка-католікамі ва Усходняй Еўропе. Існуюць таксама іншыя ускладненні, якія ўзніклі ў другім тысячагоддзі хрысціянства, падчас якога зроблена шмат памылак, вынікі якіх існуюць па сёння.
  Сустрэча папы Францішка і Патрыярха Кірыла ў кубінскай сталіцы 12 лютага 2016 г. была першай ў гісторыі сустрэчай кіраўнікоў Рымска-Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы. Пасля падпісання Сумеснай дэкларацыі Пантыфік сказаў: «Мы гаварылі як браты, мы — біскупы, маем тую ж веру і шукаем адзіны шлях. Мы гаварылі вельмі шчыра. Я магу вас упэўніць, у гэтым дыялогу я адчуваў прысутнасць Святога Духа». 
  Ян Мойсік, беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
 
  
 |