Пантыфіка рэгулярна інфармуюць пра сітуацыю ва Украіне |
Святы Айцец |
22.02.2017 08:40 |
Першым, ад чаго пакутуюць жыхары ўсходняй часткі Украіны, з’яўляецца маўчанне міжнароднай супольнасці аб іх становішчы, сказаў Апостальскі Нунцый у Кіеве пасля вяртання з зоны ваенных дзеянняў. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці знаходзіўся там 14 і 15 лютага разам з біскупам Янам Сабілам, каардынатарам гуманітарнай ініцыятывы «Папа для Украіны». Іерархі наведалі горад Аўдзееўка, які ўжо некалькі тыдняў знаходзіцца пад абстрэламі, і дзяцей, эвакуіраваных адтуль да Святагорска. Ім нічога не пагражае і яны, здаецца, вонкава спакойныя, але яшчэ занадта рана казаць пра траўмы, якія могуць выявіцца ў выніку перажытага імі, сказаў нунцый ва Украіне ў інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму агенцтву SIR. Арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў, што ў раёнах канфлікту людзі жывуць ужо больш за два гады ў вельмі нервовай сітуацыі. Сем’і падзелены, іх члены былі перамешчаны ў розныя месцы. Існуе недахоп ежы, трываюць маразы, пажылыя людзі і хворыя не могуць пакінуць свае дамы. Адна настаўніца папрасіла нунцыя: «Калі ласка, скажыце Папу, каб ён зрабіў усё магчымае для вызвалення нас ад гэтай бессэнсоўнай, непатрэбнай вайны». Нунцый запэўніў яе ў малітве католікаў і асабістым клопаце папы Францішка аб гуманітарнай дапамозе. Арцыбіскуп пастаянна інфармуе яго па тэлефоне і ў пісьмовай форме аб сітуацыі ва Украіне. З сабраных у касцёлах Еўропы 16 млн еўра за апошні час было выдзелена 200 тыс. на самую тэрміновую дапамогу, асабліва для сем’яў з дзецьмі і псіхолага-педагагічную дапамогу дзецям, а таксама на аднаўленне пашкоджаных будынкаў, асабліва школ. Арцыбіскуп Гуджэроцці заклiкае міжнародную супольнасць да рэалiзацыi рашэнняў і пагадненняў, прынятых па канфлікце ва ўсходняй Украіне. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |