Папу Францішка запрасілі прыехаць у Егіпет |
Святы Айцец |
03.03.2017 11:36 |
Святы Айцец быў запрошаны ў Егіпет і ў адзін цудоўны дзень знойдзе спосаб для таго, каб паехаць туды, запэўніў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Кардынал Жан-Луі Таран толькі што вярнуўся з Каіра, дзе прыняў удзел у сустрэчы ў рамках дыялогу паміж Святым Пасадам і Ісламскім універсітэтам «Аль-Азхар». Іерарх выказаў упэўненасць у тым, што паездка Папы ў Егіпет не толькі падтрымае мясцовы Касцёл, але і стане стымулам для міжрэлігійнага дыялогу, асабліва для таго, якому спрыяе «Аль-Азхар». Вяртаючыся да аднаўлення сувязяў з гэтым ісламскім універсітэтам, кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі падкрэсліў, што адукацыя моладзі мае першараднае значэнне ў міжрэлігійным дыялогу. Гэта таксама азначае неабходнасць ўнясення неабходных карэктыў у школьныя падручнікі. «Не можа быць так, што мы вядзём дыялог у вялікім сяброўстве і братэрстве, а ў той жа час, дзеці ў школах даведваюцца, што хрысціяне — гэта няверныя», — падкрэсліў кардынал Таран. Святы Пасад даўно вядзе дыялог з мусульманскімі інтэлектуаламі, але ў 2011 годзе ён быў прыпынены па ініцыятыве «Аль-Азхар». Універсітэт інтэрпрэтаваў як удар па ісламу заявы Бэнэдыкта XVI. «Аль-Азхар» — гэта адзін са старэйшых універсітэтаў і самых прэстыжных мусульманскіх вышэйшых навучальных устаноў у свеце. Ён быў заснаваны ў Каіры ў 988 г. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |