28-29 красавіка Пантыфік з афіцыйным візітам наведае Егіпет |
Святы Айцец |
21.03.2017 11:41 |
Папа Францішак здзейсніць 28-29 красавіка апостальскае падарожжа ў Егіпет. Візіт стане адказам Пантыфіка на запрашэнне Прэзідэнта і каталіцкага епіскапату краіны, а таксама Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы і вялікага імама мясцовага ўніверсітэта «Аль-Азхар». Афіцыйная праграма двухдзённай паездкі Святога Айца будзе анансавана пазней. Пра гэта 18 сакавіка паведаміла Зала Друку Святога Пасаду. Папа Францішак накіруецца ў Каір, каб працягнуць дыялог з прадстаўнікамі ісламу, распачаты ў мінулым годзе падчас візіту ў Ватыкан прафесара Ахмеда аль-Таеба, вялікага імама мусульманскага ўніверсітэта «Аль-Азхар». Узгаданая сустрэча двух рэлігійных лідараў мела вялікае міжрэлігійнае значэнне, бо ўзнавіла рэгулярныя кантакты мусульманскага ўніверсітэта «Аль-Азхар» з Апостальскай Сталіцай, прыпыненыя ў 2011 г. Падставай для пагаршэння двухбаковых адносін паслужыла заява Бэнэдыкта XVI пра адсутнасць у Егіпце рэлігійнай свабоды і недастатковую абарону хрысціянскіх святынь, якая прагучала як рэакцыя на здзейснены крывавы замах на копцкі касцёл у Александрыі. Удзел у мерапрыемствах, запланаваных падчас візіту папы Францішка ў Каір, будзе прымаць і Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас II. Яе вернікі складаюць у Егіпце рэлігійную меншасць і адчуваюць пагрозу з боку радыкальнага ісламізму і тэрарыстаў групоўкі «Ісламская дзяржава». Апостальскае падарожжа Святога Айца заклікана стаць пасланнем міру, адрасаваным усяму рэлігійнаму і палітычнаму свету. Да абароны хрысціян у зонах канфліктаў на Блізкім Усходзе, спынення насілля і тэрарызму і вырашэння праблем шляхам дыялогу і перамоў запрашаў Пантыфік і падчас сустрэчы ў лістападзе 2014 г. у Ватыкане з Прэзідэнтам Егіпта Абдэлем Фаттах аль-Сісі. |