Папа Францішак наведаў міланскую турму Сан-Віторэ |
Святы Айцец |
27.03.2017 14:03 |
25 сакавіка падчас свайго першага пастырскага візіту ў Мілан папа Францішак наведаў гарадскую турму Сан-Віторэ. Перад наведваннем пенітэнцыярнай установы Святы Айцец паразмаўляў са зняволенымі з іншай турмы — жанчынамі, якія адбываюць пакаранне разам са сваімі дзецьмі.
У выніку наведванне міланскай турмы заняло каля дзвюх гадзін. Папа пабываў у розных карпусах, дзе размаўляў з вялікай колькасцю зняволеных. Упершыню ў гісторыі Біскуп Рыма прыняў удзел у калектыўнай трапезе з вязнямі. Як паведамляюць міланскія СМІ, больш за 100 зняволеных паабедалі з Пантыфікам. На пытанне Папы, што яму падаць, ён адказаў лаканічна: «Тое, што і ўсім астатнім».
Усе ўдзельнікі супольнай трапезы змясціліся за доўгім 50-мятровым сталом, засланым папяровым жоўтым абрусом. Стравы былі прыгатаваны персаналам турэмнай сталовай. Зняволеныя зрабілі Папу падарунак — шарф, зроблены ўласнымі рукамі, а таксама перадалі карткі са сваімі імёнамі і імёнамі сваіх блізкіх. Папа Францішак узяў гэтыя карткі ў Ватыкан, паабяцаўшы маліцца за гэтых людзей падчас ранішніх святых Імшаў у капліцы сваёй рэзідэнцыі.
Адчыненая ў 1879 годзе міланская турма Сан-Віторэ з’яўляецца адной з самых даўніх у Італіі. Папа Францішак стаў першым рымскім Пантыфікам, які наведаў яе. Паводле sib-catholic.ru |