Папа Францішак прыняў прыёра супольнасці Тэзэ |
Святы Айцец
|
01.04.2017 07:14 |
Папа Францішак прыняў 30 сакавіка 2017 г. на прыватнай аўдыенцыі прыёра супольнасці Тэзэ, брата Алоіса, які ў гэтыя дні знаходзіцца ў Рыме.
Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
Сустрэча стала працягам штогадовых аўдыенцый, якія давалі заснавальніку экуменічнай супольнасці, брату Ражэ папярэднікі папы Францішка — Папы Рымскія Пій XII, Ян XXIII, Павел VI, Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI.
Традыцыйна, падчас такіх аўдыенцый браты распавядаюць пра свой экуменічны досвед, сустрэчы маладых людзей у Тэзэ і міжнародныя форумы, арганізаваныя супольнасцю на розных кантынентах.
Тэзэ — міжнародная хрысціянская экуменічная супольнасць, заснаваная ў 1940 г. братам Ражэ Шуцам, які пераехаў у Францыю са Швейцарыі.
Сёння ў супольнасці налічваецца больш за 100 манахаў розных нацыянальнасцей, якія прадстаўляюць пратэстанцкія дэнамінацыі і Каталіцкі Касцёл. Жыццё тут абапіраецца на малітву і духоўныя разважанні. На працягу года моладзь з усіх кантынентаў наведвае Тэзэ, а раз на год напярэдадні Божага Нараджэння ў адным з еўрапейскіх гарадоў праходзіць агульная сустрэча еўрапейскай моладзі ў духу Тэзэ.
(ІK)
|