Пантыфік склікаў кансісторый па пяці кананізацыйных справах |
Святы Айцец |
12.04.2017 08:59 |
20 красавіка папа Францішак узначаліць Звычайны публічны кансісторый па кананізацыі благаслаўлёных. Аб гэтым 11 красавіка паведаміла Служба папскіх літургічных цэлебрацый. Кардыналы на чале з Пантыфікам разгледзяць пяць кананізацыйных спраў: благаслаўлёных кс. Андрэ дэ Совераля, кс. Амброзіа Франсіска Фэра і свецкага верніка Матэа Марэйра і іх 27 паплечнікаў, забітых у 1645 г. у Бразіліі; благаслаўлёных Крыстабаля, Антоніа і Хуана, падлеткаў, забітых з нянавісці да веры ў 1529 г. у Мексіцы; благаслаўлёнага Фаўстына Мігеса Гансалеса, іспанскага законніка з Ордэна піяраў, памерлага ў 1925 г.; благаслаўлёнага Анджэла да Акры, італьянскага капуцына, памерлага ў 1739 г.; а таксама благаслаўлёных Франсішку Марту і Жасінты Марту, сведкаў марыйных аб’яўленняў у Фаціме, памерлых ў 1919 г. і 1920 г. адпаведна. Раней Папа даручыў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі публікацыю дэкрэтаў аб мучаніцтве або сапраўднасці цудаў, здзейсненых праз заступніцтва гэтых благаслаўлёных. Кансісторый распачнецца малітвай Літургіі гадзін. На яго збяруцца кардыналы, прысутныя ў гэты час у Рыме. |