Святы Айцец у Егіпце: браніраванага аўтамабіля не будзе |
Святы Айцец |
25.04.2017 13:41 |
Няма ніякіх асцярогаў у сувязі з візітам папы Францішка ў Егіпет. Па Каіры Пантыфік будзе ехаць на звычайным, не браніраваным аўтамабілі. На прэс-канферэнцыі ў Ватыкнае агучылі дэталі 18-га міжнароднага падарожжа Пантыфіка. Грэг Бёрк, кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, паведаміў, што двухдзённы візіт, які пачнецца 28 красавіка, пройдзе ў трох вымярэннях: пастырскім, скіраваным да невялікай супольнасці католікаў у Егіпце, экуменічным, каб падкрэсліць важнасць дыялогу з Копцкай Праваслаўнай Царквой, і міжрэлігійным, паколькі адным з бакоў, які запрасіў Папу ў краіну быў ісламскі ўніверсітэт «Аль-Азхар». У Егіпце каля 90 мільёнаў жыхароў, з якіх 89 працэнтаў — мусульмане-суніты, каля 10 працэнтаў — вернікі Копцкай Праваслаўнай Царквы, і толькі 0,1 працэнт — католікі розных абрадаў. Францішак прыбудзе ў Егіпет як чалавек міру. Тут запланавана пяць яго выступленняў, паведаміў Бёрк. Галоўнае прагучыць на Міжнароднай мірнай канферэнцыі. Разам з копцкім Патрыярхам Тавадрасам II Пантыфік наведае царкву святых Пятра і Паўла, дзе некалькі месяцаў таму адбыўся тэракт, каб памаліцца за забітых хрысціян. Важнымі ў пастырскім плане стануць сустрэчы другога дня візіту: з духавенствам, законнікамі і семінарыстамі, а таксама ўрачыстая Эўхарыстыя. Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што Францішак «не наіўны», ён добра ведае сітуацыю ў Егіпце, ведае пра ўсё, што там адбываецца. Менавіта таму Папа хоча прывезці з сабой станоўчае сведчанне. Адсюль жаданне выкарыстоўваць звычайны аўтамабіль. Бёрк назваў «выдатнай рэччу» прысутнасць у Каіры Патрыярха Канстанцінопальскага, Барталамея І. Хоць не чакаецца асобнай сустрэчы паміж ім і Францішкам, сам факт яго прысутнасці з’яўляецца вельмі знакавым. Апрача «рэлігійнай» часткі прабывання ў Егіпце, Пантыфіка чакае «палітычная» — візіт да Прэзідэнта краіны Абдэля Фаттах аль-Сісі і сустрэча з прадстаўнікамі ўлады. |