Папа Францішак і Патрыярх Тавадрас ІІ падпісалі сумесную дэкларацыю |
Святы Айцец |
01.05.2017 09:03 |
Папа Рымскі Францішак і Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ падпісалі сумесную дэкларацыю аб працягу шляху да поўнай эўхарыстычнай еднасці і адзінства паміж Цэрквамі.
Дэкларацыя была падпісана 28 красавіка на завяршэнне сустрэчы паміж іерархамі ў каірскай рэзідэнцыі Патрыярха. Бакі абавязаліся ўзаемна прызнаваць дзейнасць удзеленага сакрамэнту хросту, паглыбляць экуменічны дыялог, актыўна выступаць у падтрымку міру паміж народамі і рэлігіямі, змагацца за сацыяльную справядлівасць і сведчыць аб веры ў сучасным свеце. У дакуменце падкрэсліваецца, што крыніцай адзінства паміж Цэрквамі з’яўляецца поўная еднасць, якая існавала ў першыя стагоддзі хрысціянства і выражалася ў малітве і літургіі, ушанаванні адных і тых жа мучанікаў і святых, а таксама ў развіцці манаства. У дэкларацыі адзначаецца, што для будавання адзінства паміж Цэрквамі важнае значэнне мае супольная малітва і сведчанне аб фундаментальных хрысціянскіх каштоўнасцях. Папа і Патрыярх падкрэслілі таксама значэнне экуменізму мучанікаў. «Просім Бога, нашага Айца, весці нас праз часы спосабамі, якія абярэ Святы Дух, да поўнай еднасці ў містычным Целе Хрыста», — адзначылі ў сумеснай дэкларацыі іерархі. |