Папа Францішак прыме на аўдыенцыі Дональда Трампа |
Святы Айцец
|
05.05.2017 12:17 |
24 мая папа Францішак прыме на аўдыенцыі Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пасля аўдыенцыі палітык сустрэнецца з Дзяржсакратаром кардыналам П’етро Паралінам, якога будзе суправаджаць сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
Пра гэта паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.
Дональд Трамп прыбудзе ў Ватыкан ў рамках свайго першага замежнага падарожжа, у праграме якога прадугледжаны таксама ўдзел у саміце «Вялікай сямёркі» на Сіцыліі, наведванне Ізраіля, Саўдаўскай Аравіі і штаб-кватэры НАТА у Бруселі.
Падчас нядаўняй, сумеснай з прэм’ер-міністрам Італіі Паола Джэнцілоні прэс-канферэнцыі, Дональд Трамп узгадваў аб сваёй зацікаўленасці ў сустрэчы з Пантыфікам.
Папярэднік цяперашняга кіраўніка ЗША, Барак Абама наведваў Ватыкан двойчы, у 2009 г. ён сустрэўся з Бэнэдыктам XVI, у 2014 г. тут яго прымаў ужо папа Францішак. Цяперашні Пантыфік у верасні 2015 г. здзейсніў візіт у Злучаныя Штаты.
Дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Святым Псадам па гістарычных мерках налічваюць няшмат часу. Яны былі ўсталяваныя толькі ў 1984 г. Па ўспамінах амерыканскага пасла пры Святым Пасадзе Уільяма Вільсана, перамовам на гэтую тэму паспрыяла сустрэча прэзідэнта Рэйгана з Янам Паўлам II. Тады было заяўлена, што прынцыпы, на якіх заснаваны Злучаныя Штаты, у цэлым «раўназначныя» прынцыпам Святога Пасаду. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
|