Папа Францішак: Святарства — гэта не кар’ера, а служэнне |
Святы Айцец |
08.05.2017 11:07 |
7 мая папа Францішак удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дзесяці дыяканам. У сваёй гаміліі Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што пакліканыя да Божай службы былі абраныя Езусам не для таго, каб рабіць кар’еру, але каб служыць. «Прашу, не будзьце панамі, дзяржаўнымі чыноўнікамі, але толькі пастырамі Божага народу», — сказаў Пантыфік. «Абвяшчайце ўсім слова Божае, якое вы самі прынялі з радасцю, як дзеці. Чытайце старанна і разважайце над Божым словам, каб верыць у тое, што вы чыталі, навучаць таму, чаму вы самі навучыліся, верыць у тое, пра што навучаеце», — заўважыў Папа. «Двайное жыццё — гэта дрэнная хвароба ў Касцёле»
Пантыфік нагадаў новапрэзбітэрам, што зусім не навуковыя тытулы вырашаюць, хто з’яўляецца добрым святаром. «Такі прэзбітэр, які, магчыма, шмат вывучаў тэалогію, напісаў адзін, два ці тры дактараты, але не навучыўся несці крыж Хрыста, дасць няшмат. Ён будзе добрым акадэмікам, добрым прафесарам, але не святаром», — патлумачыў Святы Айцец. Папа заклікаў маладых святароў наведваць хворых і быць святлом у размове з вернікамі: «Заўсёды з радасцю служыце Хрысту, нават сярод пакутаў, непаразуменняў і сваіх грахоў. Заўсёды майце перад вачыма прыклад Добрага Пастыра, які прыйшоў, не каб Яму служылі, але каб служыць іншым. Заўсёды будзьце пастырамі Божага народу», — заключыў Святы Айцец. |