Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў маліцца за яго падарожжа ў Фаціму
Святы Айцец
11.05.2017 12:19

Папа Францішак папрасіў вернікаў малітоўна падтрымаць яго апостальскую пілігрымку ў Фаціму, якую здзейсніць, «каб даверыць Маці Божай зямны і вечны лёс чалавецтва, і праз Яе заступніцтва маліць аб нябесным благаслаўленні». З адмысловым заклікам ён звярнуўся падчас агульнай аўдыенцыі 10 мая ў Ватыкане.

«Прашу ўсіх, як пілігрымаў надзеі і міру, далучыцца да мяне: няхай вашыя рукі ў малітве працягваюць падтрымліваць мае. Жадаю, каб самая вялікая і лепшая з усіх Маці чувала над кожным з вас на працягу ўсіх вашых дзён, аж да вечнасці!» — сказаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік звярнуўся да моладзі, хворых людзей і маладых сужонкаў, якім пажадаў вучыцца ўзрастаць у марыйнай пабожнасці праз штодзённую ружанцовую малітву, адчуваць прысутнасць Маці Божай у моманты пакутаў, і маліцца да Яе, каб напоўніла сямейны асяродак любоўю і ўзаемнай павагай.

Святы Айцец наведае Фаціму 12–13 мая — у 100-годдзе аб’яўлення тут Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас візіту Пантыфік кананізуе двух сведкаў тых цудоўных падзей — Францішка і Жасінту Марту. Папа таксама сустрэнецца з палітычным кіраўніцтвам Партугаліі і епіскапатам краіны.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.