Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Божая Міласэрнасць — скарб Касцёла
Святы Айцец
04.04.2008 21:50
«Таямніца Божай Міласэрнасці як скарб Касцёла» — такой была тэма другога дня Першага сусветнага апостальскага кангрэсу, прысвечанага міласэрнасці. 3 красавіка 2008 г. у рымскай базыліцы святога Яна на Латэране прамовіў кардынал Аўдрыс Юозас Бачкіс, арцыбіскуп Мітрапаліт Віленскі. Ён асабліва адзначыў, што Ян Павел ІІ паказаў Божую міласэрнасць як апостальскую праграму для ўсяго Касцёла, а Бэнэдыкт XVI пераняў і падтрымаў ініцыятыву свайго папярэдніка.

Віленскі арцыбіскуп нагадаў, што першы абраз Езуса Міласэрнага з’явіўся ў Вільні. У 1934 г. мастак Яўген Казіміроўскі намаляваў абраз паводле апісанняў сястры Фаустыны Кавальскай, якой аб’яўляўся Пан Езус. Праз год, падчас святкавання аб’яўленага Папам Піем ХІ Юбілею 1900-годдзя адкуплення, абраз быў змешчаны ў санктуарыі ў Вострай Браме, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Міласэрнасці. Спаведнік сястры Фаустыны, Слуга Божы кс. Міхал Сапоцька, прамовіў у Другую велікодную нядзелю гамілію, прысвечаную Божай Міласэрнасці. Так у Вільні ўпершыню была адзначана ўрачыстасць Божай Міласэрнасці, якая толькі ў 2000 г. па ініцыятыве Яна Паўла ІІ стала адзначацца ва ўсім Каталіцкім Касцёле. Першы абраз Езуса Міласэрнага, які доўгі час знаходзіўся ў Беларусі, перажыў гады вайны і савецкага пераследу і ў 1986 г. быў вернуты ў Вільню. Мітрапаліт Віленскі таксама звярнуў увагу на значэнне Эўхарыстыі, споведзі і культу Маці Божай Вастрабрамскай у духоўнасці сястры Фаустыны Кавальскай.

Апоўдні ў Латэранскай базыліцы святую Імшу для ўдзельнікаў кангрэсу цэлебраваў Папскі вікарый Рыма кардынал Камілло Руіні, а ў 15.00 у многіх касцёлах Вечнага Горада быў прачытаны Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Другі дзень Кангрэсу, прысвечанага Божай Міласэрнасці, завяршыўся паказам евангелізацыйнага спектакля пад назвай «Не бойцеся!», які адбыўся ў цэнтры Рыма.

Паводле Радыё Ватыкана

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.