Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рым: завяршыўся Першы сусветны апостальскі кангрэс, прысвечаны Божай Міласэрнасці
Святы Айцец
07.04.2008 19:49
«Для таго, каб быць сведкам міласэрнасці, неабходна найперш самому спазнаць Божую Міласэрнасць», — лічыць арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн. Раніцай 7 красавіка 2008 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане Мітрапаліт Венскі цэлебраваў Эўхарыстыю на заканчэнне Першага сусветнага апостальскага кангрэса, прысвечанага Божай Міласэрнасці.

У сваёй гаміліі аўстрыйскі кардынал адзначыў, што многія католікі жадалі б дачакацца бачнага трыумфу хрысціянства ў палітыцы, эканоміцы, у сродках масавай інфармацыі. Тым часам перамагае прага да ўлады, прыбытку і паўсюдная карупцыя. Бедныя людзі церпяць, несправядлівасць пераважае ў свеце. Сумненні адцягваюць людзей ад Касцёла, бо цяжка верыць, калі не бачыш Божай прысутнасці.

Спасылаючыся на евангельскае апавяданне пра вучняў на дарозе ў Эмаус, кардынал Шонбарн вылучыў тры этапы распазнавання Божай прысутнасці. Гэта чытанне Божага слова (бо Хрыстус найперш растлумачваў ім Пісанне), справы міласэрнасці (як гасціннасць, якую расчараваныя вучні праявілі ў адносінах да Хрыста), а таксама адкрытасць на Бога, які, нягледзячы на нявернасць і незразуменне з боку чалавека, пастаянна ахвяруе сябе ў кожнай Эўхарыстыі.

Як паведаміў для Радыё Ватыкана рэктар рымскага санктуарыя Божай Міласэрнасці кс. Джузэпэ Барт, «Кангрэс прынёс благаслаўлёныя плады». «З Божай Міласэрнасцю мы выйшлі на вуліцы Вечнага Горада. У многіх парафіях пачалі маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, а пробашчы пажадалі мець у сваіх парафіях абраз Езуса Міласэрнага. У многіх касцёлах нястомныя малітвы працягваліся ўдзень і ўначы. Няхай жа сэрцы людзей запалаюць так, як сэрцы тых двух вучняў, якія ішлі ў Эмаус, а мы ўсе няхай станем сапраўднымі сведкамі Божай Міласэрнасці», — сказаў кс. Барт.

Першы сусветны апостальскі кангрэс, прысвечаны Божай Міласэрнасці, стаў значнай падзеяй у жыцці Касцёла. Яго ўдзельнікі звярталі ўвагу на моц сведчанняў людзей аб Божай Міласэрнасці, а таксама на эфектыўнасць формаў новай евангелізацыі — такіх, як вулічныя спектаклі, спеў і музыка. «Неабходна цяпер ісці ў свет і быць сведкам любові Езуса. Праўдзівая, чыстая любоў і ўчынкі, які з яе вынікаюць, кранаюць людзей. Я веру ў тое, што мы сапраўды здольныя ўчыніць шмат дабра, аднак, трэба памятаць, што Езус заўсёды з’яўляецца нашым вытокам, крыніцай Божай любові і міласэрнасці», — сказала адна з удзельніц кангрэса.

Паводле КАІ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.