Міласэрнасць — дар Бога чалавецтву |
Святы Айцец |
08.04.2008 20:09 |
З 2 па 6 красавіка 2008 г. у Рыме праходзіў Першы сусветны апостальскі кангрэс, прысвечаны Божай Міласэрнасці. Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч распавядае пра свой удзел у ім. Адкрыццё форуму было прымеркавана да трэцяй гадавіны смерці Слугі Божага Яна Паўла ІІ. У кангрэсе ўзялі ўдзел 3 тысячы дэлегатаў з розных краінаў свету. У працы кагрэсу ўдзельнічалі прадстаўнікі іншых хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў. Маскоўскі Патрыярхат прадстаўлялі біскуп Венскі Іларыён і супрацоўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў святар Ігар Выжанаў. Кагрэс распачаўся ў нядзелю Божай міласэрнасці святой Імшою, цэлебрацыю якой узначаліў Папа Бэнэдыкт XVI на плошчы Святога Пятра. Праца Кангрэса адбывалася ў базыліцы святога Яна на Латэране. Акрамя агульных пасяджэнняў, якія праходзілі ў базыліцы, працы ў розных і моўных і рэлігійных групах праходзілі ў розных рымскіх святынях. Група славянскіх моваў праводзіла свае сустрэчы і малітвы ў размешчаным непадалёк ад Ватыкана касцёле Святога Духа, у якім знаходзіцца фігура святой Фаустыны Кавальскай. Менавіта гэты касцёл з’яўляецца найбольш вядомай у Рыме святыняй, дзе ўшаноўваецца Божая Міласэрнасць. Праграма кангрэса таксама прадугледжвала святыя Імшы, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, Вяночак да Божай Міласэрнасці, культурныя мерапрыемствы, місіі на вуліцах Рыма. Кангрэс завяршыўся святой Імшою ў базыліцы святога Пятра. У першы дзень пры ўдзеле 60 тысяч вернікаў, мноства кардыналаў, арцыбіскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе, Папа Бэнэдыкт XVI цэлебраваў урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі памерлага тры гады таму назад Яна Паўла ІІ. У гаміліі Святы Айцец, падкрэсліваючы шматлікія чалавечыя і звышнатуральныя якасці свайго папярэдніка, а таксама яго духоўныя і містычыня пачуцці, заклікаў вернікаў ісці за заклікам Вялікага Папы: «Не бойцеся!», які вучыць нас з адвагаю вызнаваць веру. Пры гэтым Святы Айцец асаблівым чынам падкрэсліў значэнне культу Божай Міласэрнасці ў жыцці і служэнні Яна Паўла ІІ, падкрэсліваючы, што менавіта Божая міласэрнасць як крыніца надзеі для сучаснага чалавека з’яўляецца ключом для разумення яго пантыфікату. 2 красавіка, адкрываючы працу кангрэса, кардынал Крыстаф Шонбарн, нагадаўшы словы Яна Паўла ІІ, што імя Бога — гэта Божая міласэрнасць, сказаў, што менавіта Божая міласэрнасць з’яўляецца адказам на пакуты і беднасць сучаснага чалавека. Толькі любоў можа змякчыць цвёрдае, як камень, сэрца чалавека. Таму ўсе мы павінны быць міласэрнымі, каб сапраўды быць людзьмі паводле вобразу і падабенства Божага. Увечары гэтага ж дня на месцы пахавання Яна Паўла ІІ адбылася ружанцовая малітва моладзі, якая транслявалася на плошчы Святога Пятра. Малітву ўзначаліў Папскі вікарый Рыма кардынал Камілло Руіні. Вельмі добрыя разважанні да хвалебных таямніцаў святога ружанца падрыхтаваў архіпрэзбітэр базылікі Святога Пятра кардынал Анджэло Камастры. У іх ён, грунтуючыся на вучэнні Яна Паўла ІІ і асабліва на фацімскай таямніцы пра навяртанне Расіі, прадставіў як жыццё, так і ролю Яна Паўла ІІ у сучаснай гісторыі Касцёла і свету. Перад кожнай таямніцай моладзь чытала ўрыўкі з гамілій памерлага тры гады таму Пантыфіка. На завяршэнне малітвы Кракаўскі арцыбіскуп кардынал Станіслаў Дзівіш звярнуўся да сабраных з вельмі чуллівымі словамі, падкрэсліваючы, што Ян Павел ІІ нас не пакінуў, што ён застаецца з намі, што яго служэнне Касцёлу працягваецца. Дзень 3 красавіка быў прысвечаны тэме: «Таямніца міласэрнасці — скарб Касцёла». З галоўным дакладам выступіў кардынал Аўдрыс Юозас Бачкіс, арцыбіскуп Мітрапаліт Віленскі. Гэта цалкам лагічна, бо менавіта ў Вільні са словаў святой Фаустыны ў 1934 г. мастак Яўген Казіміроўскі намаляваў першы абраз Езуса Міласэрнага, які быў выстаўлены для публічнага ўшанавання на працягу трох дзён у Вострай Браме ў 1935 г. з нагоды завяршэння Юбілейнага года адкуплення. У тых урачыстасцях узяла ўдзел і сама святая Фаустына. Кардынал Бачкіс адзначыў, што гэтая ўрачыстасць стала першым святкаваннем урачыстасці Божай Міласэрнасці, афіцыйна ўстаноўленай Янам Паўлам ІІ падчас вялікага Юбілею 2000-годдзя хрысціянства. Арцыбіскуп Віленскі падкрэсліў, што Ян Павел ІІ паставіў Божую Міласэрнасць у цэнтры жыцця Касцёла і свету. Ён прапанаваў ключ да разумення таямніцы адкуплення, а менавіта — Бог ёсць Любоў, а любоў з’яўляецца міласэрнай. Гэтую ідэю далей развівае Бэнэдыкт XVI. Таямніца Божай Міласэрнасці абапіраецца на чатырох стаўпах, якімі з’яўляюцца Божае слова, Эўхарыстыя, пакаянне і Марыя. Калі слова Божае дазваляе спасцігнуць і занурыцца ў Божы план збаўлення, то праява Божай Міласэрнасці дасягае сваёй вяршыні ў Эўхарыстыі — дары Хрыста Касцёлу. Міласэрнасць і любоў Бога прыходзяць з ласкаю прабачэння да грэшніка. Такім чынам Божая Міласэрнасць і чалавечая духоўная беднасць сустракаюцца. Хто адкрывае Божую Міласэрнасць, той пачынае шлях збаўлення. Таму сакрамэнт пакаяння з’яўляецца тым сакрамэнтам, які найбольш патрэбны сучаснаму чалавеку. Прыкладам на шляху адкрыцця Божай Міласэрнасці з’яўляецца Марыя — Маці Міласэрнасці. У сваім дакладзе «Божая міласэрнасць — мяжа злу», грунтуючыся на Святым Пісанні і настаўніцтве Касцёла, а асабліва Папаў Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI, я паспрабаваў адлюстраваць гэтую пякучую праблему сучаснага свету, які заграз у багне секулярызму і эгаізму. Божая міласэрнасць з’яўляецца мяжою злу ў тым сэнсе, што велічыні граху супрацьпастаўлена велічыня міласэрнасці, а ўсеагульнасці граху — усеагульнасць міласэрнасці. Нездарма святы апостал Павел вучыць, што там, дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка (пар. Рым 5, 20). Божую міласэрнасць абмяжоўвае толькі грэх, якога чалавек не прызнае. Але ў гэтым выпадку мы маем справу не з абмежаванасцю Божай міласэрнасці, якая не мае межаў, але з абмежаваным падыходам да гэтай міласэрнасці з боку чалавека. Бог нікога не збаўляе прымусова — Ён толькі прапануе сваю дапамогу. Святы Аўгустын нездарма кажа: «Ты стварыў мяне, Божа, без мяне, але збавіць мяне без майго ўдзелу не можаш». Ліёнскі арцыбіскуп кардынал Філіп Барбарэн у сваім дакладзе адзначыў значэнне міласэрнасці ў міжрэлігійным дыялогу, падкрэсліўшы пры гэтым неабходнасць захавання этычных нормаў, прынцыпаў талерантнасці і ўзаемнай пашаны. Гэты дзень завяршыўся тэатральным выступленнем на плошчы Навона. Моладзь, якая пазбавілася ад нарказалежнасці, з супольнасці Cenacolo — «Вячэрнік» (якая, між іншым, існуе таксама ў Расіі), паказала евангельскую сцэну пад назваю «Не бойцеся!». Дзень 4 красавіка быў прысвечаны тэме: «Міласэрнасць у касцёльнай камуніі». У асноўным дакладзе Прэфекта Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў кардынала Фрэнсіса Арынзэ была асветлена тэма Божай міласэрнасці ў літургіі, асабліва ў Эўхарыстыі і ў Літургіі гадзінаў. Сакрамэнты, якія ўдзяляе Касцёл, неабходна бачыць у святле Божай міласэрнасці, бо дзякуючы ім мы атрымліваем Божую ласку. Праваслаўны біскуп Іларыён падкрэсліў, што міласэрнасць як Божая любоў, з аднаго боку, можа быць спасцігнута чалавекам, а з іншага боку, не паддаецца апісанню ніякімі словамі. Уладыка прывёў прыклад святога Ісака Сірына як багаслова любові і міласэрнасці, які вобраз Бога-Суддзі ператварае ў вобраз Бога любові і міласэрнасці. Заснавальніца супольнасці Cenacolo — «Вячэрнік» для лячэння нарказалежных сястра Эльвіра Пэтроццы адзначыла, што тым, хто апынуўся ў гэтай страшнай залежнасці, неабходна любоў грамадства. У другой палове дня ў розных касцёлах Вечнага горада адбыліся пакутныя набажэнствы, пасля чаго ўдзельнікі Кангрэса па двое выйшлі на вуліцы секулярызаванага Рыма, каб абвяшчаць Божую міласэрнасць, заклікаючы сустрэчных людзей словамі: «Езус чакае цябе!». Увечары на плошчы Навона супольнасць «Шалом — Супакой» паказала евангельскую сцэну пра марнатраўнага сына пад назваю «Вяртанне да жыцця». Тэмаю наступнага дня Кангрэса стала «Міласэрнасць у місіі Касцёла». З галоўным дакладам выступіў сакратар Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў арцыбіскуп Алберт Малкалм Ранджытх Патабэндыге, які заўважыў, што асноўным выклікам для сучаснага свету з’яўляецца эгаізм, таму цнота міласэрнасці мае надзвычай вялікае значэнне. Прааналізаваўшы асноўныя сусветныя рэлігіі, арцыбіскуп Ранджытх сказаў, што толькі ў хрысціянстве выразна відаць дынаміка Божай міласэрнасці, якая бязмежная і не пакідае нікога. Менавіта дзякуючы Божай міласэрнасці свет аднаўляецца, надыходзяць новае неба і новая зямля. Таму ўсе мы закліканы быць яе носьбітамі, гэта значыць, быць місіянерамі Божай міласэрнасці. Толькі Крыж Пана, на якім аб’явілася бязмежная Божая міласэрнасць, з’яўляецца адзіным праўдзівым адказам на сучасную спіраль насілля, якое нараджаецца з эгаізму. Кракаўскі арцыбіскуп кардынал Станіслаў Дзівіш параўнаў абраз Езуса Міласэрнага з медным змеем, які Майсей па наказе Бога зрабіў у пустыні. Чалавек, уджалены ядавітаю змяёю, глянуўшы на меднага змея, заставаўся жывым (гл. Ліч 21, 4–9). Таксама і нам неабходна глядзець на абраз міласэрнага Езуса, каб застацца духоўна жывымі ў секулярызаваным свеце. Увечары на плошчы Навона адбыўся місіянерскі фестываль з мэтаю заахвоціць сучаснага чалавека, а асабліва моладзь, быць місіянерамі Божай міласэрнасці. Заключнай падзеяй Сусветнага апостальскага кангрэса, прысвечанага міласэрнасці, стала святая Імша ў перапоўненай базыліцы святога Пятра, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня аргкамітэту Кангрэса кардынал Крыстаф Шонбарн. У сваёй гаміліі аўстрыйскі іерарх заклікаў вернікаў быць сведкамі Божай міласэрнасці. Падчас малітвы Regina caeli Папа Бэнэдыкт XVI звярнуўся да ўсіх са словамі: «Ідзіце і будзьце сведкамі Божай міласэрнасці — крыніцы і надзеі для кожнага чалавека і ўсяго свету». На такой абнадзейлівай ноце завяршыўся Першы сусветны апостальскі кангрэс, прысвечаны Божай міласэрнасці, які, без сумніву, ужо стаў адною з найбольш важных падзеяў у касцёльным жыцці ў гэтым годзе. Кангрэс недвухсэнсоўна сцвердзіў, што Божая міласэрнасць — гэта вялікі дар Найвышэйшага сучаснаму свету. Гэта — адказ на небяспечныя выклікі нашага часу. Гэта таксама надзея на іх пераадоленне і на пабудову цывілізацыі любові. Удзельнікі Кангрэса выказаліся за тое, каб падобныя форумы праводзіліся рэгулярна. Кардынал Дзівіш, якога назвалі «жывой рэліквіяй Папы Яна Паўла ІІ», ужо выказаў жаданне, каб наступны Кангрэс, прысвечаны міласэрнасці, адбыўся ў Кракаве. Ведаючы, наколькі вялікае значэнне мае культ Божай міласэрнасці на Беларусі і як дынамічна ён развіваецца ў нашай Айчыне, мяркую, што наспеў час і нам правесці такі форум на нацыянальным узроўні. Няхай жа на гэта нас благаславіць ласкавы і міласэрны Бог! |