«Уваскрослы Езус даверыў апосталам такое заданне: „Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Святога Духа“», — піша Святы Айцец, цытуючы Евангелле паводле святога Мацвея (пар. Мц 28, 19). У Пасланні на Сусветны дзень малітвы за пакліканні Бэнэдыкт XVI паказвае асаблівую сувязь паміж пакліканнем і місіяй. Святы Айцец падкрэслівае місіянерскае вымярэнне святарскага паклікання: «Калі праз сакрамэнты хросту і канфірмацыі кожны хрысціянін пакліканы сведчыць і абвяшчаць Евангелле, то місіянерская дзейнасць асаблівым чынам вельмі шчыльна звязана са святарскім пакліканнем».
Святы Айцец піша, што вучні былі пасланыя Хрыстом і менавіта таму сталі называцца апосталамі — у перакладзе з грэцкай мовы «пасланцамі». Для таго, каб акрэсліць, кім з’яўляецца апостал, Бэнэдыкт XVI прыводзіць словы святога Паўла: «Мы — гэта значыць, апосталы, — абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага» (пар. 1 Кар 1, 23). Гэта менавіта Паўла з Тарсу Святы Айцец называе «найбольшым місіянерам усіх часоў». Сваім місіянерскім служэннем, апостал Павел нястомна адказвае на пакліканне, якое атрымаў непасрэдна ад Хрыста.
Папа ўзгадвае словы з ІІ Ватыканскага Сабору, у якіх сцвярджаецца, што, «...хоць абавязак распаўсюджваць веру ўскладзены на кожнага вучня (...), Хрыстус Пан з усяго мноства сваіх вучняў заўсёды кліча тых, каго жадае сам, каб яны былі з Ім і каб пасылаць іх прапаведваць народам». Святы Айцец прыводзіць таксама словы свайго Папярэдніка Яна Паўла ІІ з энцыклікі Redemptoris missio, у якой гаворыцца пра неабходнасць «поўных» і «радыкальных» самаахвяраванняў.
«Сярод тых, хто без рэшты прысвячае сябе служэнню Евангеллю, асаблівае месца належыць святарам, — піша Бэнэдыкт XVI. — Кожны год колькасць ахрышчаных павялічваецца дзякуючы душпастырскай дзейнасці святароў, якія цалкам прысвяцілі сябе справе збаўлення братоў». Папа звяртае тут асаблівую ўвагу на «святароў fidei donum (дару веры)», якія прысвяцілі сваё жыццё місіянерскаму служэнню Касцёлу. «Праз сваіх святароў Езус сёння аб’яўляе сваю прысутнасць сярод людзей ажно да самых далёкіх куточкаў зямлі», — піша Папа.
У наступнай частцы Паслання на Сусветны дзень малітвы за пакліканні Святы Айцец падкрэслівае вялікую ролю манахаў і манашак, якія належаць да супольнасцяў кантэмплятыўнага і актыўнага жыцця ў евангелізацыі свету. Адны з іх «разнастайнаю дабрачыннай дзейнасцю ўсім даюць жывое сведчанне любові і міласэрнасці Бога», іншыя — «сваёю пастаяннаю супольнаю малітваю (...) няспынна хадайнічаюць за ўсё чалавецтва». Падагульняючы, Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што для таго, «каб Касцёл мог працягваць сваю місію, атрыманую ад Хрыста», абавязковым з’яўляецца «выхаванне ў веры як дзяцей, так і дарослых». «Неабходна падтрымліваць у вернікаў жывое і дзейснае пачуццё місіянерскай адказнасці і салідарнасці з народамі свету. Дар веры заклікае ўсіх хрысціянаў да супрацоўніцтва ў евангелізацыі», — піша Святы Айцец. Папа таксама ўказвае на тое, што ўсведамленне адказнасці за місіянерства трэба ўмацоўваць праз «прапаведніцтва і катэхізацыю, праз літургію і пастаяннае духоўнае выхаванне», а таксама праз «справы гасціннасці, любові і духоўнага кіраўніцтва, праз разважанне, а таксама праз планаванне такога душпастырства, складанаю часткаю якога будзе клопат пра пакліканні».
«Пакліканні — гэта дар, якога Касцёл штодзённа просіць у Святога Духа. (...) Толькі на добра ўзаранай духоўнай глебе квітнеюць пакліканні да службовага святарства і да кансэкраванага жыцця», — піша Папа, называючы місіянерскую дзейнасць Касцёла «сведчаннем Божай любові». Бэнэдыкт XVI у сваім пасланні запрашае да супольнага перажывання місіянерскага вымярэння Касцёла і да адкрытасці на іншых. Святы Айцец заахвочвае таксама да малітвы: «Перадаючы гэтыя свае разважанні ўсім касцёльным супольнасцям, каб яны іх засвоілі і ўбачылі ў іх заклік да малітвы, я заахвочваю да далейшай дзейнасці ўсіх, хто з вераю аддана працуе для справы пакліканняў». Напрыканцы Паслання на Сусветны дзень малітвы за пакліканні Святы Айцец дасылае асаблівае апостальскае благаслаўленне ўсім тым, хто працуе для справы пакліканняў — выхавацелям і катэхэтам, а таксама «моладзі, якая ідзе па шляху паклікання».
Практыку малітвы Касцёла ў інтэнцыі пакліканняў да святарства і манаскага жыцця распачаў Папа Павел VI у 1964 годзе. Гэта быў адказ на крызіс пакліканняў у Касцёле. З таго часу адна з нядзеляў Велікоднага перыяду прысвечана малітве ў інтэнцыі пакліканняў. Перад рэформаю, якая была праведзена пасля ІІ Ватыканскага Сабору, гэты дзень прыпадаў на ІІ Велікодную нядзелю, а цяпер ён адзначаецца з ІV Велікодную нядзелю. У Дзень малітвы за пакліканні чытаецца ўрывак з 10 раздзела Евангелля паводле святога Яна, у якім Езус паказаны як сапраўдны руплівы Пастыр народа. У гэты дзень Касцёл хоча нагадаць вернікам пра неабходнасць клопату пра святарскія, манаскія, місіянерскія пакліканні і пакліканні да кансэкраванага жыцця ў свецкіх супольнасцях.
Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
|