Трэцяя гадавіна абрання Святога Айца Бэнэдыкта XVI |
Святы Айцец
|
19.04.2008 06:00 |
19 красавіка 2008 г. спаўняецца тры гады з дня абрання Папам Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Тры гады таму, 19 красавіка 2005 г., у выніку галасавання 115-ці кардыналаў, сабраных на канклаў у Сікстынскай капэле, кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў 264-м наступнікам святога Пятра.
Тады новаабраны Папа з балкона ватыканскай базылікі сказаў: «Пасля Вялікага Папы Яна Паўла ІІ кардыналы абралі мяне — простага, сціплага працаўніка Вінаградніку Панскага». З перспектывы трох гадоў пантыфікату можна сцвярджаць, што Бэнэдыкт XVI стаў дастойным прадаўжальнікам служэння свайго Вялікага папярэдніка. Пад ягоным кіраўніцтвам Каталіцкі Касцёл нястомна абвяшчае Евангелле сучаснаму свету ўжо ХХІ стагоддзя, супрацьстаючы небяспечным выклікам нашага часу і адстойваючы агульначалавечыя, хрысціянскія каштоўнасці. Згодна са сваім папскім дэвізам Cooperatores Veritatis («Супрацоўнікі праўды»), Бэнэдыкт XVI нясе слова праўды людзям добрай волі ва ўсім свеце.
За тры гады апостальскага служэння Святы Айцец Бэнэдыкт XVI напісаў 2 энцыклікі. Першая з іх пад назваю Deus Caritas est («Бог ёсць любоў») стала разважаннем Папы-тэолага пра багаслоўскае разуменне любові і міласэрнасці ў кантэксце сучаснасці. Другая энцыкліка Spe salvi («У надзеі мы былі збаўленыя») прысвечана хрысціянскай надзеі. Бэнэдыкт XVI таксама напісаў 11 пасланняў, 14 апостальскіх лістоў і завяршыў распачатую Слугою Божым Янам Паўлам ІІ паслясінадальную апостальскую адгартацыю Saсramentum Caritatis («Сакрамэнт любові»), прысвечаную Эўхарыстыі — крыніцы і вяршыні жыцця і місіі Касцёла.
За тры гады Святы Айцец правёў шмат прыватных і агульных аўдыенцый і здзейсніў восем замежных апостальскіх пілігрымак. Падчас першага падарожжа Бэнэдыкт XVI наведаў Кёльн у Германіі (2005 г.), дзе ўзяў удзел у 20-м Сусветным дні моладзі. У 2006 г. Папа здзейсніў пілігрымку ў Польшчу, на Радзіму свайго папярэдніка Яна Паўла ІІ. У тым жа годзе ён стаў удзельнікам Першай сусветнай сустрэчы сем’яў, што праходзіла ў іспанскай Валенсіі, а таксама наведаў родную Баварыю і Турцыю, краіну з пераважна мусульманскім насельніцтвам, дзе паспяхова працягнуў дыялог паміж хрысціянствам і ісламам. У 2007 г. Папа пабываў у самай вялікай каталіцкай краіне свету — Бразіліі, дзе ўзяў удзел у 5-й Генеральнай канферэнцыі епіскапатаў Лацінскай Амерыкі і Карыбаў, а таксама ў Аўстрыі.
У гэтыя дні Святы Айцец знаходзіцца з апостальскім візітам у Злучаных Штатах Амерыкі, дзе з нагоды 60-й гадавіны прыняцця Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека выступіў з прамоваю ў сядзібе ААН у Нью-Йорку.
|