Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рым: семінар для журналістаў каталіцкіх выдавецтваў
Святы Айцец
05.05.2008 17:36
30 красавіка 2008 г. у Рыме завяршыўся трохдзённы семінар для працаўнікоў каталіцкіх выдавецтваў. У сустрэчы, якая адбылася ў Папскім універсітэце Святога Крыжа, прынялі ўдзел 300 асобаў з 60-ці краінаў свету. Удзельнікі семінара працавалі над вырашэннем пытання, як найбольш эфектыўна і канстурктыўна інфармаваць свет пра жыццё Каталіцкага Касцёла.

Галоўная тэма рэфератаў датычыла сувязі паміж сродкамі масавай камунікацыі ў Касцёле і культураю палемікі. Сярод дакладчыкаў былі біскупы, выкладчыкі журналістыкі, а таксама журналісты, якія спецыялізуюцца на касцельнай тэматыцы (асвячаюць навіны Каталіцкага Касцёла).

Вядучая думка семінара заключалася ў словах Святога Айца Бэнэдыкта XVI з інтэрв’ю, якое Папа даваў нямецкім журналістам падчас свайго пастырскага візіту ў Баварыю ў 2006 г. Пантыфік тады нагадаў, што Вучэнне Касцёла не з’яўляецца толькі зборам забаронаў, але перш за ўсё — гэта пазітыўнае сведчанне пра Евангелле, Добрую Навіну.

У святле гэтых словаў Святога Айца ўдзельнікі семінара ў Рыме працавалі над пошукам новых спосабаў абвяшчэння Добрай Навіны. Свет сродкаў масавай інфармацыі пастаўляе шмат новых магчымасцяў, пры гэтым з’яўляюцца выклікі, якія да гэтага не існавалі. Гэта не проста — памятаць пра пазітыўнае сведчанне ў сродках масавай інфармацыі, калі найчасцей яны зарабляюць дзякуючы сенсацыям, якія выклікаюць спрэчкі і канфлікты. Важна, каб тыя, хто займаецца сродкамі масавай камунікацыі ў Касцёле, памяталі, што гэта менавіта яны з’яўляюцца першымі «паведамленнямі» для карыстальнікаў.

У падрыхтоўчую праграму семінара былі таксама ўключаны практычныя заняткі: падрыхтоўка публічных выступленняў журналістаў і іх прэзентацыя перад відэакамерамі.

29 красавіка старшыня Папскай Рады па справах сродкаў масавай інфармацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі канцэлебраваў святую Імшу для ўдзельнікаў семінара. 30 красавіка, пасля агульнай аўдыенцыі са Святым Айцом, яны пабывалі ў прэс-службе Ватыкана.

Каталіцкі журналіст павінен «заўсёды гаварыць праўду, рэагаваць у адпаведны час, старацца добра адказваць, трактуючы аднолькава ўсіх журналістаў, і ўлічваць патрэбы сваіх кіраўнікоў», — адзначыў прэс-сакратар Ватыкана а. Фэдэрыко Ламбардзі SI.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.