Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: запаведзь любові — аснова сацыяльных прынцыпаў
Святы Айцец
06.05.2008 14:16
З 2 па 6 мая 2008 г. у Рыме адбывалася XIV Пленарная сесія Папскай акадэміі грамадскіх навук, якая прысвечана адначасоваму прымяненню прынцыпаў салідарнасці і ўзаемадапамогі ў імкненні да агульнага дабра.

«Адказнасць хрысціянаў за дзеянні на карысць справядлівасці і супакою, іх намаганні, прыкладзеныя да тварэння супольнага дабра, з’яўляецца неад’емнай часткай місіі абвяшчэння дару вечнага жыцця, да якога Бог кліча кожнага чалавека», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ у сваім звароце да ўдзельнікаў сесіі.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў вырашэнні задач, якія стаяць перад чалавецтвам ХХІ стагоддзя, вялікае значэнне маюць асноўныя прынцыпы грамадскага вучэння Каталіцкага Касцёла, сярод якіх — годнасць чалавечай асобы, супольнае дабро, салідарнасць і ўзаемадапамога.

Бэнэдыкт XVІ падкрэсліў, што прынцыпы грамадскага вучэння Каталіцкага Касцёла маюць не толькі «гарызантальнае» вымярэнне, якое датычыць чалавека, але таксама «вертыкальнае», якое адносіцца да Бога і Яго запаведзяў.

«Езус вучыць нас, што любоў кажа аддаваць жыццё дзеля дабра іншых. У гэтым значэнні сапраўдная салідарнасць — хоць яна і пачынаецца ад прызнання аднолькавай вартасці іншай асобы — дасягае паўнаты толькі ў той час, калі з ахвотаю аддае жыццё ў служэнні іншым», — сказаў Бэнэдыкт XVI. Папа адзначыў, што менавіта ў гэтым заключаецца «вертыкальнае» вымярэнне салідарнасці: не ўзвышацца над іншым, але дапамагчы яму ў патрэбе — так, як Езус «прынізіў сябе самога», каб даць людзям магчымасць прыняць удзел у Яго Боскім жыцці разам з Айцом і Святым Духам. Падобна і з узаемадапамогаю, якая заахвочвае людзей да свабоднага наладжвання жыватворных адносінаў з тымі, з кім яны найбольш цесна звязаны і ад якіх яны найбольш залежаць. «Грамадства, якое прытрымліваецца прынцыпу ўзаемадапамогі, пазбаўляе людзей пачуцця сумнення і роспачы», — падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.