Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на 42-гі Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі |
Святы Айцец |
07.05.2008 15:55 |
Нядзеля, 4 мая 2008 г. «Сродкі сацыяльнай камунікацыі на раздарожжы паміж самарэкламаю і служэннем. Шукаць праўду, каб ёю дзяліцца». Дарагія браты і сёстры!1. Тэма наступнага Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі — «Сродкі сацыяльнай камунікацыі на раздарожжы паміж самарэкламаю і служэннем. Шукаць праўду, каб ёю дзяліцца» — пралівае святло на тое, якую значную ролю адыгрываюць гэтыя сродкі ў жыцці людзей і грамадства. Сапраўды, не існуе такога накірунку чалавечай дзейнасці (асабліва калі ўзяць пад увагу шырокую з’яву глабалізацыі), у якім сродкі масавай інфармацыі не сталі б складанаю часткаю адносінаў паміж людзьмі, а таксама сацыяльных, эканамічных, палітычных і рэлігійных працэсаў. Дарэчы, у пасланні на Сусветны дзень міру сёлета 1 студзеня я пісаў: «Сродкі сацыяльнай камунікацыі з увагі на выхаваўчыя магчымасці, якія яны маюць у распараджэнні, нясуць асаблівую адказнасць за пашырэнне пашаны да сям’і, за тое, каб паказаць яе чаканні і правы, дапамагчы ўбачыць яе прыгажосць» (п. 5). 2. Дзякуючы ашаламляльнаму тэхнічнаму развіццю гэтыя сродкі набылі надзвычайныя магчымасці, што ў той жа час стварыла новыя, раней не вядомыя праблемы і пытанні. Нельга адмаўляць таго ўнёску, які яны могуць зрабіць у абмен інфармацыяй, у знаёмства з фактамі і ў распаўсюджванне ведаў: напрыклад, яны вырашальным чынам паўплывалі на ліквідацыю непісьменнасці і на сацыялізацыю, а таксама на развіццё дэмакратыі і дыялогу паміж народамі. Без іхняга ўнёску сапраўды было б цяжка падтрымліваць і паляпшаць паразуменне паміж народамі, надаць універсальны размах мірнаму дыялогу, гарантаваць чалавеку першаснае дабро доступу да інфармацыі, забяспечыўшы ў той жа час свабодны абмен думкамі асабліва ў тым, што датычыцца салідарнасці і сацыяльнай справядлівасці. Так! Сродкі масавай інфармацыі ў сваёй сукупнасці — гэта не толькі сродкі распаўсюджвання думак. Яны могуць і павінны быць таксама прыладамі ў служэнні больш справядліваму і больш салідарнаму свету. На жаль, існуе вялікая рызыка таго, што яны, наадварот, ператворацца ў сістэмы, скіраваныя на падпарадкаванне чалавека меркаванням, прадыктаваным дамінуючымі інтарэсамі актуальнага моманту. Я маю на ўвазе выпадкі выкарыстання сродкаў інфармацыі ў ідэалагічных мэтах або для распаўсюджвання спажывецкіх тавараў з дапамогаю назойлівай рэкламы. Пад маркаю прадстаўлення рэальнасці насамрэч крыецца імкненне апраўдаць і навязаць скажоны ўзор асабістага, сямейнага ці грамадскага жыцця. Акрамя таго, каб прыцягнуць слухачоў — як кажуць, заваяваць аўдыторыю, — часам без ваганняў ідуць на парушэнні, вульгарнасць і насілле. Нарэшце, існуе магчымасць таго, што праз сродкі масавай інфармацыі будуць прапаноўвацца і падтрымлівацца такія мадэлі развіцця, якія замест таго, каб памяншаць, будуць павялічваць тэхналагічны разрыў паміж багатымі і беднымі краінамі. 3. Сёння чалавецтва знаходзіцца на раздарожжы. Таксама і ў дачыненні да сродкаў інфармацыі актуальнае тое, што я напісаў у энцыкліцы Spe salvi пра неадназначнасць прагрэсу, які дае нечуваныя магчымасці для дабра, але ў той жа час стварае жахлівыя магчымасці для зла, якіх раней не існавала (пар. п. 22). Таму варта задаць сабе пытанне, ці разумна будзе даць захапіць сродкі сацыяльнай камунікацыі неразборлівай самарэкламе або апынуцца пад уладаю тых, хто будзе іх выкарыстоўваць для маніпуляцыі розумамі. Ці не лепш было б зрабіць такім чынам, каб яны працягвалі служыць асобе і супольнаму дабру і спрыялі «этычнаму выхаванню чалавека дзеля ўзрастання ўнутранага чалавека (тамсама)? Іх надзвычай моцнае ўздзеянне ў жыцці людзей і грамадства — шырока прызнаная з’ява, але сёння неабходна падкрэсліць паварот, я нават сказаў бы, сапраўды поўную змену ролі, якую яны павінны адыгрываць. Складаецца ўражанне, што сёння сродкі камунікацыі часта ўсё больш выразна імкнуцца не толькі адлюстроўваць рэальнасць, а вызначаць яе дзякуючы ўладзе і сіле ўздзеяння, якмі яны валодаюць. Напрыклад, здараецца, што ў пэўных сітуацыях сродкі масавай інфармацыі выкарыстоўваюцца не для інфармацыі, як гэта павінна быць, а для «стварэння» саміх падзеяў. Гэтую небяспечную змену ролі з заклапочанасцю адзначаюць многія пастыры. Менавіта з-за таго, што гаворка ідзе пра з’явы, якія накладваюць глыбокі адбітак на ўсе сферы чалавечага жыцця (маральную, інтэлектуальную, рэлігійную, міжасобасную, пачуццёвую, культурную), ставячы на карту дабро асобы, варта зноў сцвердзіць, што не ўсё, магчымае тэхнічна, з этычных меркаванняў можа ажыццяўляцца. Такім чынам, уплыў сродкаў камунікацыі на жыццё сучаснага чалавека ставіць пытанні, ад якіх немагчыма ўцячы і якія чакаюць неадкладных рашэнняў і адказаў. 4. Роля, якую сродкі сацыяльнай камунікацыі сталі адыгрываць у грамадстве, з гэтага часу павінна разглядацца як складаная частка антрапалагічнага пытання, што паўстае кардынальным выклікам трэцяга тысячагоддзя. Як у сферы чалавечага жыцця, сужэнства і сям’і і ў такіх вялікіх пытаннях сучаснасці, як мір, справядлівасць і абарона ўсяго стварэння, та і ў галіне сацыяльнай камунікацыі на карту пастаўленыя неад’емныя аспекты чалавека і праўды пра яго. Калі камунікацыя губляе этычныя падставы і выходзіць з-пад грамадскага кантролю, у выніку яна перастае лічыцца з цэнтральным месцам і непарушнаю годнасцю чалавека, ствараючы рызыку адмоўнага ўплыву на яго розум, на яго рашэнні, і ў рэшце рэшт ведучы да абмежавання свабоды чалавека і падпарадкавання самога яго жыцця. Вось чаму неабходна, каб сродкі сацыяльнай камунікацыі дбайна абаранялі чалавечую асобу і ў поўнай меры паважалі яе годнасць. Усё больш людзей лічаць, што сёння ў гэтай сферы неабходная «інфа-этыка» — таксама, як існуе біяэтыка ў галіне медыцыны і ў навуковых доследах, звязаных з чалавечым жыццём. 5. Трэба не даць сродкам масавай інфармацыі ператварыцца ў рупар эканамічнага матэрыялізму і этычнага рэлятывізму — сапраўдных бедстваў нашага часу. Наадварот, яны могуць і павінны садзейнічаць данясенню праўды пра чалавека, яе абароне ад тых, хто гэтую праўду адмаўляе ці імкнецца разбурыць. Можна нават сказаць, што пошук і нясенне праўды пра чалавека з’яўляюцца найвышэйшым пакліканнем сацыяльнай камунікацыі. Выкарыстоўваць для гэтай мэты штораз усё больш прыгожыя і вытанчаныя спосабы маўлення, якімі валодаюць сродкі інфармацыі, — захапляльнае заданне, даручанае ў першую чаргу кіраўнікам і супрацоўнікам гэтага сектару. Гэта таксама заданне, якое ў пэўнай ступені датычыцца ўсіх людзей, таму што ў эпоху глабалізацыі мы ўсе з’яўляемся карыстальнікамі і дзеячамі сацыяльнай камунікацыі. Новыя сродкі інфармацыі, асабліва тэлекамунікацыі і інтэрнэт, змяняюць аблічча самой камунікацыі і, магчыма, гэта каштоўная нагода для таго, каб надаць ёй новы выгляд, каб зрабіць больш заўважнымі асноўныя і неад’емныя рысы праўды пра чалавечую асобу, як сказаў мой шаноўны папярэднік Ян Павел ІІ (пар. Апостальскі ліст «Хуткае развіццё», 10). 6. Чалавек прагне праўды, шукае яе, пра што сведчыць увага і поспех, якімі карыстаюцца шматлікія выданні, праграмы і якасная мастацкая літаратура, у якіх прызнаныя і добра паказаныя праўда, прыгажосць і веліч чалавечай асобы, уключна з яе рэлігійным вымярэннем. Езус сказаў: «Спазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць» (Ян 8, 32). Праўда, якая нас вызваляе, — гэта Хрыстус, таму што толькі Ён можа ў поўнай меры здаволіць прагу жыцця і любові, што існуе ў чалавечым сэрцы. Той, хто сустрэў Яго і захапіўся Ягоным пасланнем, адчувае нястрымнае жаданне дзяліцца гэтаю праўдаю і несці яе іншым: «Тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, — піша святы Ян, — на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, пра Слова жыцця (…), абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом. І гэта пішам мы, каб радасць нашая была поўнай» (пар. 1 Ян 1, 1–3). Мы заклікаем Святога Духа, просячы, каб не было недахопу ў мужных вешчунах і годных веры сведках праўды, якія, верна выконваючы даручэнне Хрыста і з захапленнем прымаючы пасланне веры, «змогуць стаць выразнікамі культурных памкненняў сучаснага моманту, прыкладаючы намаганні для таго, каб перажываць гэтую эру інфармацыі не як перыяд аддаленасці і загубленасці, але як каштоўны час пошуку праўды і развіцця еднасці паміж асобамі і народамі» (Ян Павел ІІ, Прамова на сустрэчы «Вектары інфармацыйнага развіцця», 9 лістапада 2002 г.). З такімі пажаданнямі я ўсім з любоўю ўдзяляю сваё благаслаўленне. Ватыкан, 24 студзеня 2008 г., свята св. Францішка Сальскага.
|