Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папаўненне ў Швейцарскай гвардыі Папы Рымскага |
Святы Айцец |
08.05.2008 16:17 |
Святой Імшой у базыліцы св. Пятра, якую цэлебраваў дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал Тарчызіо Бэртонэ 6 мая 2008 г., распачалося свята Швейцарскай гвардыі Папы Рымскага. Пасля святой Імшы былі ўскладзены вянкі да помніка 147-мі гвардзейцам, якія загінулі 6 мая 1527 г., абараняючы Папу Клімента VII падчас так званага «Sacco di Roma» («разграблення Рыма»), і 33 новых гвардзейцаў прынялі прысягу. У сваёй гаміліі дзяржаўны сакратар Ватыкана падкрэсліў, што служба ў Папскай гвардыі — гэта «не прафесія, а місія, апостальская місія», і яна патрабуе не толькі прафесійнай кваліфікацыі, але таксама «непахіснай і глыбокай веры, якая прыкладаецца да штодзённага евангельскага сведчання». Пасля св. Імшы капэлан Швейцарскай гвардыі кс. Ален дэ Рэмі падараваў кардыналу Бэртонэ шкатулку з цацачнымі алавянымі гвардзейцамі. «Мы — нібы гэтыя гвардзейцы, згуртаваныя ў строй нашай прысягай і статутам», — растлумачыў капэлан сімвалічнае значэнне падарунка. Падчас ускладання вянкоў да помніка загінуўшым у 1527 г. гвардзейцам галоўнакамандуючы Швейцарскай гвардыі Эльмар Мёдэр пацвердзіў вернасць прысязе і гатоўнасць бараніць Папу нават коштам уласнага жыцця. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.