Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзеянне Духа Святога ў служэнні еднасці
Святы Айцец
12.05.2008 15:28
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі 7 мая 2008 г. на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане прамовіў катэхезу на тэму «Дзеянне Духа Святога ў служэнні еднасці». Частку сваёй прамовы Святы Айцец прысвяціў Каталікосу-Патрыярху Усіх Армянаў Гарэгіну ІІ, які прысутнічаў на аўдыенцыі, і падкрэсліў, што «яго прысутнасць ажыўляе ў нас надзею на дасканалую еднасць хрысціянаў».

У сваёй прамове, прысвечанай Духу Святому, які «стварае еднасць там, дзе былі падзелы», Бэнэдыкт XVI адзначыў: «Ад першай хвіліны свайго існавання Касцёл гаворыць на розных мовах — дзякуючы моцы Духа Святога і вогненным языкам — і жыве ва ўсіх культурах, не знішчае нічога з разнастайных дароў, розных харызмаў, але аб’ядноўвае ўсё ў адно вялікае і новае адзінства, якое мірыць — адзінства і разнастайнасць.

Дух Святы, які з’яўляецца вечнай любоўю, «вузлом» еднасці ў Тройцы, сваёю моцаю яднае ў Божай любові разгубленых людзей, ствараючы такім чынам шматвобразную і вялікую супольнасць Касцёла ва ўсім свеце. У дні пасля Унебаўшэсця Пана і да Пяцідзесятніцы (Спаслання Духа Святога) вучні разам з Марыяй былі ў Вячэрніку і маліліся. Яны ведалі, што самі не могуць ні стварыць, ні арганізаваць Касцёл. Касцёл павінен нарадзіцца (...) па Божай ініцыятыве; Касцёл — гэта не наша стварэнне, гэта дар Бога. Толькі такім чынам ён стварае еднасць, якая павінна ўзмацняцца. Касцёл заўсёды — а асабліва на працягу гэтых дзевяці дзён паміж Унебаўшэсцем Пана і Пяцідзесятніцаю — яднаецца ў Вячэрніку з Апосталамі і Марыяй, каб нястомна прасіць аб спасланні Духа Святога. Пабуджаны Яго моцным ветрам Касцёл атрымлівае здольнасці, каб абвяшчаць Евангелле па ўсёй зямлі. 

Менавіта таму, нягледзячы на цяжкасці і падзелы, хрысціяне не павінны паддавацца расчараванню. Пан патрабуе гэтага ад нас: трываць у малітве дзеля падтрымання полымя веры, любові і надзеі, якімі корміцца імкненне да поўнай еднасці. Ut unum sint! („Каб усе былі адно“) — кажа Пан. (...) 

Святы Павел у Пасланні да Галатаў прыпамінае, што „плён духа — гэта любоў, радасць, спакой, велікадушнасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць“ (пар. Гал 5, 22–23). Гэта тыя дары Духа Святога, аб якіх мы просім таксама сёння для ўсіх хрысціянаў, каб у супольным і велікадушным служэнні Евангеллю яны маглі быць у свеце знакам любові Бога да чалавецтва. Скіруем з даверам позірк на Марыю, якая з’яўляецца Святыняю Духа Святога, і папросім праз Яе заступніцтва: „Прыйдзі, Духу Святы, напоўні сэрцы тваіх верных і распалі ў іх агонь сваёй любові!“». 

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.