Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: Дух Святы — крыніца паўсюднасці Касцёла
Святы Айцец
12.05.2008 21:07
11 мая 2008 г. у базыліцы св. Пятра ў Рыме ў свята Спаслання Духа Святога Папа Бэнэдыкт XVI цэлебраваў святочную Літургію. Святы Айцец адзначыў, што Спасланне Духа Святога — гэта свята «нараджэння» Касцёла, які паўстаў не па волі чалавека, але дзякуючы моцы Духа. Яго дзеянне ажывіла супольнасць першых хрысціянаў, аб’яднала іх у адно цэлае і дало здольнасці абвяшчаць Евангелле ўсяму свету.

«Касцёл, які нараджаецца ў дзень Пяцідзесятніцы, не з’яўляецца нейкай лакальнай супольнасцю, ерузалемскім Касцёлам, але з’яўляецца Касцёлам паўсюдным, які гаворыць на мовах ўсіх народаў, — падкрэсліў Святы Айцец у сваёй гаміліі. — Пазней з яго нараджаюцца іншыя супольнасці ва ўсіх закутках свету, Касцёлы лакальныя, якія заўсёды будуць ствараць адзіны Касцёл Хрыста».

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што Дух Святы з’яўляецца крыніцаю адзінства, да якога вядзе любоў і ўзаемная акцэптацыя. Святы Айцец нагадаў таксама, што разам з Духам Святым Хрыстус устанавіў сакрамэнт пакаяння і паяднання, пры гэтым даў Апосталам і іх наступнікам уладу адпушчэння грахоў.

«Супакой Хрыста пашыраецца выключна праз адноўленыя сэрцы людзей (...), якія сталі слугамі справядлівасці, гатовымі несці свету супакой толькі моцаю праўды, не ідучы на кампраміс з ментальнасцю свету, бо свет не ў стане даць супакою Хрыстовага. Менавіта такім чынам Касцёл можа быць крыніцаю прымірэння, якое ідзе ад Бога», — адзначыў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI завяршыў сваю гамілію малітвай праз заступніцтва Маці Божай аб новым спасланні Духа Святога на ўсе супольнасці Касцёла і на кожнага хрысціяніна.                

Паводле Радыё Ватыкана
 
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.