Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
40-годдзе энцыклікі Паўла VI «Humanae Vitae»
Святы Айцец
13.05.2008 15:14
10 мая 2008 г. у Рыме завяршыўся міжнародны сімпозіум, прысвечаны 40-годдзю энцыклікі Паўла VI «Humanae Vitae» (25 ліпеня 1968 г.), які праходзіў у Папскім латэранскім універсітэце. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI адзначыў актуальнасць энцыклікі «Humanae Vitae», якая прысвечана маральным прынцыпам у сферы перадачы чалавечага жыцця.

Бэнэдыкт XVI у сваёй прамове, скіраванай да ўдзельнікаў сімпозіума, адзначыў, што згаданая энцыкліка, як плён ІІ Ватыканскага Сабору, з’яўляецца праявай мужнасці і падкрэслівае паслядоўнасць вучэння і традыцыі Касцёла.

У энцыкліцы «Humanae Vitae» пад азначэннем «сужэнская любоў» маецца на ўвазе поўнае адзінства асобаў — як духоўнае, так і фізічнае, — і адкрытасць на дар жыцця. Як адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, праўда, заключаная ў энцыкліцы, у абліччы новых навуковых адкрыццяў становіцца яшчэ больш актуальнаю і пабуджае да рэфлексіі над сужэнскай любоўю. «Мы, веруючыя, не можам дазволіць, каб дамінаванне тэхнікі паніжала каштоўнасць любові і святасці жыцця», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI і нагадаў, што сужэнцы, перадаючы жыццё, прымаюць удзел у Божым акце стварэння, і гэты факт упісаны ў сэрца чалавека як закон прыроды.

«Вучэнне, выказанае ў энцыкліцы «Humanae Vitae», няпростае, — сказаў Папа. — Аднак яно адпавядае базавай структуры, праз якую няспынна перадавалася чалавечае жыццё ад стварэння свету з пашанай да прыроды і згодна з яе патрабаваннямі. Шанаванне чалавечага жыцця і абарона годнасці чалавека заклікаюць нас зрабіць усё магчымае, каб усе ведалі аўтэнтычную праўду пра адказную сужэнскую любоў, якая цалкам адпавядае закону, упісанаму ў сэрца кожнага».

Бэнэдыкт XVI звярнуўся з заклікам аб добрым выхаванні маладых людзей, каб яны маглі пазнаць сапраўдны сэнс любові, а таксама падрыхтавацца да яе, дзякуючы адпаведнаму сэксуальнаму выхаванню. «Распаўсюджванне памылковага вобразу любові не прыносіць славы свабоднаму і дэмакратычнаму грамадству. Свабода павінна ісці поруч з праўдаю, а адказнасць — з самаадданасцю і нават з ахвяраю. Без гэтага грамадству пагражае замкнёнасць у вузкім эгаізме», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.