Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аборт не вырашае сацыяльных праблемаў
Святы Айцец
13.05.2008 19:55
У сумную гадавіну легалізацыі абортаў у Італіі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з сусветным рухам у абарону жыцця «Pro Vita» («За жыццё»). Папа звярнуў увагу на тое, што праз 30 гадоў пасля прыняцця закона, які легалізаваў аборты, абарона жыцця стала яшчэ больш складанай: у свядомасці людзей паступова зніжаецца яго каштоўнасць, зніжаецца павага да чалавечай асобы, каштоўнасць якой стаіць у аснове жыцця кожнага грамадства, незалежна ад веравызнання.

«Касцёл, верны запаветам Пана, з аднаго боку нястомна паўтарае, што святасць кожнага чалавечага жыцця закладзена ў плане Творцы», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. — З іншага боку, Касцёл заахвочвае развіваць усе ініцыятывы, якія імкнуцца падтрымаць жанчыну і сям’ю, ствараючы спрыяльныя ўмовы для новага жыцця і аховы інстытута сям’і, заснаванага на сужэнстве мужчыны і жанчыны. Легалізуючы аборты, мы не толькі не вырашаем праблемы, ад якіх пакутуе шмат людзей, але наносім яшчэ адну рану нашым супольнасцям, якія і без яе, на жаль, перажываюць шмат цярпенняў», — сказаў Папа.

Нягледзячы на намаганні, якія прыкладаюцца Касцёлам у справе дапамогі сем’ям, вялікая колькасць эканамічных праблемаў перашкаджае сёння стварэнню сям’і і выхаванню дзяцей. Бэнэдыкт XVI заахвоціў аб’яднаць намаганні ў справе абароны жыцця і сям’і. Ён выказаў руху «Pro Vita» падзяку за працу па ўратаванні зачатага жыцця праз арганізацыю «Цэнтраў дапамогі жыццю». Акрамя таго, Папа узгадаў такія ініцыятывы руху, як «Зялёны тэлефон», «SOS Vita» ці «Чырвоны тэлефон». Святы Айцец падтрымаў таксама петыцыю руху, накіраваную ў Еўрапейскі Парламент у справе абароны жыцця і сям’і.

Паводле Радыё Ватыкана
 
 
 
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.