Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціяне і будысты: клопат пра планету Зямля
Святы Айцец
15.05.2008 23:02

                   

Пантыфікальная Рада па справах міжрэлігійнага дыялогу
Пасланне будыстам на свята Весак

 

             Дарагія будыйскія сябры! 

1.    З нагоды свята Весак ад імя Папскай рады па справах міжрэлігійнага дыялогу, а таксама асабіста, я звяртаюся да вас і вашых супольнасцяў ва ўсім свеце з цёплымі віншаваннямі.

2.   Для мяне з’яўляецца вялікай радасцю падкрэсліць тыя пазітыўныя адносіны, якія існавалі паміж католікамі і будыстамі многія гады. Я ўпэўнены, што гэты фундамент будзе ўзмацняць і паглыбляць нашае ўзаемаразуменне ў той час, калі мы працягваем супрацоўніцтва ў будаўніцтве лепшага свету не толькі дзеля нас саміх, але і дзеля ўсёй сям’і чалавецтва. Вопыт вучыць нас, што дыялог садзейнічае як жаданню індывідуума, так і жаданню грамадства дзяліцца добрая воляй і гармоніяй, якія ўжо існуюць, а таксама наладжваць кантакт з новымі людзьмі — з гатоўнасцю прыняць выклікі і цяжкасці, якія могуць узнікнуць.

3.   Папа Бэнэдыкт XVI ў сваім Пасланні на Дзень Міру ў 2008 г. адзначыў: «Планета Зямля — гэта дар Бога-Творцы для ўсіх людзей, і мы павінны ставіцца да яго творча і з адказнасцю. Мы павінны клапаціцца пра навакольнае асяроддзе: мужчынам і жанчынам было даверана яе насяляць і падпарадкоўваць сабе, пры гэтым галоўным нашым крытэрыем павінна быць адказнасць і добрая воля». Генеральная Асамблея ААН аб’явіла 2008 год Міжнародным годам планеты Зямля. Як жыхары гэтай планеты і веруючыя людзі хрысціяне і будысты з пашанай адносяцца да аднаго і таго ж свету і імкнуцца прапагандаваць неабходнасць клопату пра навакольнае асяроддзе, у якім мы ўсе існуем.

4.   Захаванне навакольнага асяроддзя, прапагандаванне экалагічна ўстойлівага развіцця і надаванне асаблівай увагі кліматычным зменам з’яўляюцца сёння актуальнымі праблемамі для ўсіх. Шмат краінаў, пазадзяржаўных арганізацый, шматнацыянальных кампаній, даследчыцкіх і тэрцыярных інстытутаў, прызнаючы прысутнасць этычнага аспекту ў эканамічным і сацыяльным развіцці, інвестуюць — як фінансава, так і інтэлектуальна, — у даследаванні ў галіне біялогіі, клімытычных зменаў, аховы навакольнага асяроддзя. Таксама і рэлігійныя лідэры праз публічнае абмеркаванне гэтых пытанняў садзейнічаюць дадзенаму працэсу. Такога тыпу дзеянні, зразумела, з’яўляюцца не толькі адказам на праблему глабальнага пацяплення. Хрысціянства і будызм заўсёды імкнуліся падтрымліваць вялікую пашану ў адносінах да прыроды і вучылі, што чалавек павінен быць удзячным гаспадаром планеты. Сапраўды, толькі праз глыбокае асэнсаванне сувязяў паміж Творцам, працэсам стварэння і яго стварэннямі гэтыя спробы прыняць меры па ахове навакольнага асяроддзя не будуць сапсаваныя індывідуальнай прагнасцю або стрыманыя інтарэсамі асобных групаў.

5.   Ці не павінны мы, хрысціяне і будысты, супрацоўнічаць у справах і праектах, якія датычаць нас усіх? Пераапрацоўка адходаў, эканомія энэргіі, прадухіленне нерацыянальнага знішчэння расліннага і жывёльнага свету, ахова водных рэсурсаў — вось тыя рэчы, якія сведчаць пра акуратнае гаспадаранне, а таксама ўсталяванне добрай волі і сардэчных адносінаў паміж народамі. У гэтым хрысціяне і будысты могуць стаць прадвеснікамі надзеі на чысты, бяспечны і гарманічны свет.

6.   Шаноўныя сябры, я веру, што праз адукацыйныя мерапрыемствы, добры прыклад адносінаў да нашай прыроды і дзейсную адказнасць за яе мы зможам распаўсюдзіць гэтую вестку ў сваіх супольнасцях. І яшчэ раз дазвольце скласці вам шчырыя віншаванні і пажадаць шчаслівага свята Весак.

 

Кардынал Жан-Луі Таран,
          Прэзідэнт

Арцыбіскуп Пьер Луіджы Чэлата,
           сакратар

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.