Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Трэцяя энцыкліка Бэнэдыкта XVI будзе апублікавана восенню |
Святы Айцец |
28.05.2008 16:17 |
Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал Тарчызіо Бэртонэ падчас свайго візіту ў Кіеў, які адбываўся з 23 па 26 мая 2008 г., паведаміў, што трэцяя энцыкліка Святога Айца Бэнэдыкта XVI будзе апублікавана восенню бягучага года. Планавалася, што энцыкліка будзе апублікавана 1 мая, калі Рыма-каталіцкі Касцёл адзначае свята святога Юзафа Рамесніка, аднак з-за праблемаў з перакладам энцыклікі на замежныя мовы дата публікацыі адкладваецца. Згодна з жаданнем Святога Айца, упершыню ў гісторыі, тэкст энцыклікі адразу ж будзе апублікаваны на кітайскай мове. Не выключана, што будзе падрыхтаваны таксама пераклад паслання на арабскую мову. Трэцяя энцыкліка Пантыфіка будзе прысвечана сацыяльным праблемам сучаснасці, якія звязаны з працэсам глабалізацыі. У ёй Бэнэдыкт XVI, які лічыцца адным з буйнейшых тэолагаў сучаснасці, мае намер падкрэсліць неабходнасць сувязі паміж сацыяльна-эканамічным развіццём чалавецтва і павагай да чалавечай асобы. У энцыкліцы будзе ўзнята тэма выразнага кантрасту паміж багаццем і беднасцю ў сучасным свеце. Першая энцыкліка Бэнэдыкта XVI «Deus Caritas est» («Бог ёсць любоў») з’яўляецца тэалагічным разважаннем пра сутнасць Божай любові як аснову місіі Касцёла — міласэрнасці і чалавекалюбства. Другая энцыкліка Папы «Spe salvi» («У надзеі мы збаўленыя») раскрывае хрысціянскае разуменне надзеі ў сучасным свеце. Падрыхтоўка да публікацыі трэцяй энцыклікі Бэнэдыкта XVI праз такі кароткі час пасля папярэдняй сведчыць пра тое, што Святы Айцец надае вялікае значэнне сацыяльным праблемам сучаснасці. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.