29 мая 2008 г. у сінадальнай зале Ватыкана ў межах Генеральнай Асамблеі Канферэнцыі Біскупаў Італіі на тэму «Адносіны моладзі да Евангелля і Касцёла», у якой прымае ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI выступіў перад італьянскімі біскупамі.
Пасяджэнне Канферэнцыі Біскупаў было прысвечана пытанню выхавання моладзі, вострую неабходнасць якога падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. Удзяліўшы сваё пастырскае благаслаўленне, Пантыфік накіраваўся да выхаду. Традыцыйна, каб развітацца, да яго падышлі італьянскія кардыналы (біскупы звычайна не падыходзяць да Папы з-за вялікай іх колькасці — каля 250-ці, — бо гэта заняло б шмат часу). Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч займаў месца ў другім радзе за італьянскімі біскупамі. Развітаўшыся з кардыналамі, Папа нечакана змяніў традыцыю і падышоў да беларускага Мітрапаліта. Працягнуў руку і запытаўся: «Як ідуць справы?» Арцыбіскуп Кандрусевіч адказаў: «Нармальна, працуем». У працяг Святы Айцец сказаў: «Прызначаны новы пасол Беларусі пры Ватыкане, сёння ён уручыў даверчыя граматы».
Як ідуць справы? — пытанне не выпадковае. Гэта азначае, што Святы Айцец вельмі клапоціцца і перажывае за Каталіцкі Касцёл на Беларусі, жадае ведаць пра яго больш. «Словы Бэнэдыкта XVI — гэта паказчык клопату Вярхоўнага Пантыфіка аб Каталіцкім Касцёле на Беларусі», — сказаў нашаму карэспандэнту Мітрапаліт Кандрусевіч. Каметнуючы далей сваю кароткую размову з Папам і ўручэнне даверчых грамат новым беларускім паслом Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў, што Беларусь з’яўлялася і з’яўляецца інтэгральнай і важнай часткай Каталіцкага Касцёла. Беларусь — гэта краіна, якая ляжыць на мяжы культур і традыцый. Менавіта яна заўсёды была пазітыўным прыкладам узаемадзеяння розных веравызнанняў, перш за ўсё праваслаўнага і каталіцкага. Сёння Беларусь адыгрывае адну з галоўных роляў у экуменічным і міжрэлігійным дыялогу. «Святы Айцец разумее гэта і ўскладае на Каталіцкі Касцёл вялікую надзею», — адзначыў Мітрапаліт.
Кажучы пра чаканы візіт у Беларусь дзяржаўнага сакратара Ватыкана кардынала Тарчызіо Бэртонэ, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што мы становімся сведкамі новай старонкі ва ўзаемаадносінах Ватыкана і Беларусі. Падчас свайго прабывання ў Вечным Горадзе арцыбіскуп прасіў аб малітве за Святога Айца і Каталіцкі Касцёл у нашай краіне, каб ён сапраўды быў знакам надзеі для сучаснага чалавека.
|