Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI прыняў новага пасла Беларусі пры Святым Пасадзе
Святы Айцец
30.05.2008 14:50
29 мая 2008 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі новых паслоў пры Святым Пасадзе.  Уручыць даверчыя граматы прыбылі высокія дыпламатычныя прадстаўнікі з Нігерыі, Уганды, Ліберыі, Чада, Бангладэш, Гвінеі і Шры-Ланкі. У іх ліку быў таксама надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь Сяргей Алейнік.

Бэнэдыкт XVI выказаў удзячнасць паслу за Прывітальны ліст, уручаны яму ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Святы Айцец скіраваў да лідэра краіны найлепшыя пажаданні і запэўніў аб сваёй шчырай прыхільнасці да беларускага народа.

Бэнэдыкт XVI падзякаваў паслу за цёплыя словы прывітання і адзначыў, што ён пазітыўна ацэньвае шматлікія змены, якія на цяперашнім этапе адбываюцца ў Беларусі. Святы Айцец запэўніў Сяргея Алейніка, што Святы Пасад па-ранейшаму будзе аказваць падтрымку беларускай нацыі ў яе намаганнях па зацвярджэнні адпаведных для яе законных імкненняў да свабоды і ў яе дзеяннях па ўмацаванні дэмакратычнага працэсу — як частцы вялікай сям’і свабодных і суверэнных еўрапейскіх нацый.

Дзесяцігоддзямі Еўропа актыўна вучылася ствараць будучае свету і прагрэсу, пераадольваючы балючыя падзелы. Гэты высакародны праект, матываваны сэнсам раздзеленай адказнасці за агульны лёс еўрапейскіх народаў, мае непамерную каштоўнасць. Дасягнуць такой амбіцыйнай мэты будзе нялёгка. Фактычна, гэта патрабуе ад усіх далучаных бакоў правядзення пастаяннага, шчырага і разумнага дыялогу, заснаванага на сапраўднай салідарнасці, і поўнай пашаны да законных спадзяванняў, гістарычных абставінаў і адметнасці іншых. Дзеля гэтай мэты кожная нацыя кантынента, у тым ліку Беларусь, паклікана ўносіць свой уклад у будаўніцтва агульнага Еўрапейскага дому, у якім межы разглядаюцца як месцы сустрэч, а не як лініі падзелу або неадольныя муры. Між тым, гісторыя, духоўныя і культурныя карані, а таксама геаграфія Беларусі даюць ёй магчымасць адыгрываць інтэгральную ролю ў гэтым працэсе. Тое, што аб’ядноўвае нацыі Еўропы, больш важна, чым любыя палітычныя, эканамічныя і культурныя фактары, якія іх яшчэ падзяляюць. Для таго, каб атрымаць новы стымул для сваёй уласнай гісторыі, Еўропа павінна «прызнаваць і вяртаць у духу творчай вернасці тыя асноўныя каштоўнасці, набытыя праз пасрэдніцтва вырашальнага ўкладу хрысціянства, якія могуць быць падсумаваны ў сцвярджэнні трансцэндэнтнай годнасці чалавечай асобы, каштоўнасці розуму, свабоды і дэмакратыі, канстытуцыйнай дзяржавы і адрознення паміж палітычным жыццём і рэлігіяй» (Ecclesia in Europa, 109).

«Набытая незалежнасць вашай краіны і аднаўленне дыпламатычных адносінаў са Святым Пасадам бачна з аднаўлення добрых адносінаў паміж дзяржаўнымі і царкоўнымі ўстановамі. Гэтыя адносіны адзначаны адкрытасцю абодвух бакоў пры дапамозе пашырэння і паляпшэння такіх сувязяў, якія ў сваю чаргу спрыяюць дабрабыту краіны. Я ўдзячны Вашаму Прэзідэнту за добрыя словы наконт дзейнасці Касцёла ў вашай краіне, і я ўпэўнены, што Урад Беларусі будзе працягваць дапамагаць Каталіцкаму Касцёлу ў выкананні яго патрэбаў. У гэтым годзе Каталіцкі Касцёл на Беларусі адзначае два значных юбілея: 225-годдзе заснавання Магілёўскай дыяцэзіі і 210-годдзе Мінскай дыяцэзіі. Трэба з удзячнасцю адзначыць прызнанне вашай краінай усяго таго духоўнага, культурнага і гістарычнага ўкладу Касцёла, які ён унёс у жыццё нацыі.

Касцёл і дзяржава, у сваіх асаблівых шляхах і ў святле іх спецыфічных місій, здзяйсняюць служэнне чалавецтву. Таму неабходна, каб яны супрацоўнічалі, нязменна шануючы аўтаномнасць і кампетэнтнасць кожнай такім чынам, каб мець магчымасць дапамагаць мужчынам і жанчынам у дасягненні матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту. Такое супрацоўніцтва можа толькі ўнесці ўклад ва ўмацаванне ўсё больш дынамічных дэмакратычных установаў. Каталіцкі Касцёл, які разглядаецца як інтэгральная частка жыцця і прызначэння Беларусі, са свайго боку, глядзіць наперад дзеля працягу здзяйснення яго ролі ў грамадстве пры дапамозе разнастайных структур і інстытутаў (такіх, як Канферэнцыя Біскупаў, дыяцэзіі, парафіі і рэлігійныя супольнасці). Гэтыя адзінкі імкнуцца ўсяго толькі служыць мужчынам, жанчынам і ўсяму грамадству праз прапагандаванне і распаўсюджванне універсальных каштоўнасцяў, натхнёных Евангеллем. У гэтых адносінах Каталіцкі Касцёл у Беларусі — як лацінскага, так і візантыйскага абрадаў, — не просіць асаблівых прывілеяў, але толькі магчымасці спрыяць росту і развіццю краіны. (...) У тым жа духу і ў тым жа сэнсе ўзаемнай адказнасці католікі Беларусі дзейнічаюць у сферы экуменічнага дыялогу, асабліва з Праваслаўнай Царквою ў вашай краіне. Я малюся аб тым, каб экуменічныя кантакты працягвалі развівацца ў духу міру, згоды і братняга дыялогу, каб садзейнічаць такім чынам усё большай сацыяльнай гармоніі», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.

На заканчэнне свайго звароту да новага пасла Беларусі пры Святым Пасадзе Святы Айцец пажадаў яму ўсяго найлепшага і перадаў апостальскае благаслаўленне яму і яго супрацоўнікам, іх сем’ям і ўсяму беларускаму народу.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.