Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот пасла Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе сп. Сяргея Алейніка да Папы Бэнэдыкта XVI |
Святы Айцец |
05.06.2008 14:43 |
Зварот Яго Эксцэленцыі спадара Сяргея Алейніка,
Ваша Святасць! Для мяне вялікі гонар і прывілея прадстаўляць сёння Вам граматы, згодна з якімі мне надаецца статус надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе. Дазвольце мне запэўніць Вас у сваім жаданні надалей развіваць канструктыўныя і ўзаемавыгадныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.Беларусь, якая спрадвеку была поліэтнічнай і шматканфесіянальнай краінай, надае вельмі вялікае значэнне забеспячэнню магчымасці для кожнага грамадзяніна свабодна вызнаваць сваю веру. Права свабоды веравызнання замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе законах. Урад Беларусі прыкладае ўсе намаганні дзеля абароны рэлігійных правоў каталіцкай супольнасці Беларусі і для стварэння неабходных умоваў для свабодных яе дзеянняў і развіцця. Як другая па велічыні супольнасць, да якой належыць амаль 15% насельніцтва, Каталіцкі Касцёл адыгрывае важную ролю ў паўсядзённым жыцці краіны. За апошнія дванаццаць гадоў лічба каталіцкіх супольнасцяў павялічылася ў чатыры разы і працягвае расці хуткімі тэмпамі. На тэрыторыі краіны дзейнічае шэраг каталіцкіх семінарый, мэта якіх заключаецца ў падрыхтоўцы большай колькасці святароў як для існуючых, так і для будучых парафій. Урад краіны ідзе насустрач вернікам, выдзяляе Каталіцкаму Касцёлу надзелы зямлі пад будаўніцтва святыняў, а таксама забяспечвае свабодны доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Згодна з апошнімі дадзенымі, у Беларусі функцыянуе каля 450 каталіцкіх касцёлаў, 37 — будуецца. У дыяцэзіях Каталіцкага Касцёла краіны наладжаны перыядычны друк як на нацыянальньным, так і на лакальным узроўнях. Кожную нядзелю па нацыянальным радыё адбываецца прамая трансляцыя святой Імшы. Нядаўняе аднаўленне архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску пры падтрымцы ўрада можа служыць прыкладам як дзяржаўнай, так і асабістай прыхільнасці Прэзідэнта краіны ў пытанні аказання неабходнай дапамогі Каталіцкаму Касцёлу і задавальненні яго патрэбаў. Каталіцкі Касцёл у Беларусі праводзіць разнастайныя гуманітарныя акцыі. Так, у Гомелі быў адчынены сіроцкі прыют, які наведваюць сёстры Кангрэгацыі місіянерак міласэрнасці, якую заснавала Маці Тэрэза Калькуцкая. Усе дыяцэзіі краіны прымаюць удзел у гуманітарнай праграме «Caritas», праца якой накіравана на аказанне дапамогі людзям, якія жывуць у нястачы. Ваша Святасць! Урад Беларусі высока цэніць дзеянні Святога Пасада і Вашы ўласныя, накіраваныя на распаўсюджванне міру і ўзаемаразумення паміж народамі і ўмацаванне міжрэлігійнай гармоніі ў свеце. Як адзначалася ў нядаўнім звароце Вашай Святасці на Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяй, «поўная гарантыя свабоды веравызнання (...) павінна таксама разглядаць (...) магчымасць вернікаў прымаць удзел у будаўніцтве грамадскага парадку». Сапраўды, нярэдка важныя рэлігійныя каштоўнасці застаюцца ў межах касцёлаў, бо не маюць паўнавартаснай магчымасці мець сувязь з грамадскім жыццём. Гэта вядзе да сітуацыі, калі духоўныя каштоўнасці, якія з’яўляюцца асновай годнасці асобы, замяняюцца секулярнымі або нават бытавымі нормамі і звычаямі. Такая непажаданая тэндэнцыя можа быць пераадолена шляхам стварэння для вернікаў умоваў адкрыта вызнаваць свае каштоўнасці і прытрымлівацца іх як на рэлігійным, так і на грамадскім узроўнях. У гэтым кантэксце Беларусь падтрымлівае больш шырокі ўдзел Святога Пасада ў працэсе перадачы і ўмацавання асноўных рэлігійных каштоўнасцяў у грамадстве ў цэлым. Урад Беларусі гатовы весці працу па развіцці двухбаковых ініцыятываў па гэтым пытанні ў многіх сферах, уключаючы адукацыю, ахову здароў’я, культурную і гуманітарную дзейнасць. Беларусь прызнае і цэніць тую ролю, якую адыгрывае Святы Пасад у міжнародных арганізацыях. Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве са Святым Пасадам, каб мець гарантыю, што міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці ААН, будуць пунктам яднання паміж дзяржавамі і інструментам для служэння ўсяму чалавецтву. Канцэпцыя дыялогу паміж цывілізацыямі, таксама як неабходнасць вырашэння небяспечнага крызісу шматбаковых адносінаў, з’яўляюцца асноўнымі пунктамі, якія прызнаюць Беларусь і Святы Пасад. Другім пытаннем з’яўляецца забеспячэнне пашаны да выбранага кожнай краінай шляху палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця. Сумесныя намаганні Беларусі і Святога Пасада маглі б паспрыяць справе распаўсюджвання гэтай важнай міжнароднай праграмы. Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні і далейшым развіцці дыялогу і супрацоўніцтва са Святым Пасадам як на двухбаковым, так і на міжнародным узроўнях. Запланаваны і доўгачаканы візіт у Беларусь Яго Эмінэнцыі кардынала Тарчызіо Бэртонэ ў чэрвені 2008 г. павінен стаць унікальнай магчымасцю для абодвух бакоў, каб абмеркаваць шляхі і сродкі ўсебаковага і выразнага ўмацавання ўзаемных адносінаў. Гэты візіт павінен успрымацца не толькі як афіцыйныя перагаворы, але таксама як доўгачаканы і падбадзёрваючы знак для ўсіх хрысціянаў Беларусі, які сведчыць пра ўвагу да іх сусветнага духоўнага ўраду, благаслаўлёнага Вашай Святасцю. З’явілася магчымасць апраўдаць узаемныя спадзяванні з боку Беларусі і Святога Пасада, якая павінна быць выкарыстана і пашырана. Урад Беларусі гатовы са свайго боку рабіць усё для дасягнення вынікаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са Святым Пасадам і Вашай Святасцю. Урад Беларусі мае надзею, што Ваша Святасць, з’яўляючыся знакамітай і ўплывовай фігурай у свеце, будзе асабіста натхняць далейшае развіццё адносінаў паміж Беларуссю і Святым Пасадам.
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.