На васьмі мовах быў апублікаваны «Інструмэнтум лаборыс» («Instrumentum laboris») — працоўны дакумент на ХІІ Звычайны сход Сіноду Біскупаў, паводле якога будзе пабудавана праца Сіноду з 5 па 26 кастрычніка 2008 г. і які будзе праходзіць пад тытулам «Слова Божае ў жыцці і місіі Касцёла». Дакумент быў прадстаўлены 12 чэрвеня гг. у інфармацыйным агенцтве Апостальскай Сталіцы. Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў Нікола Этэравіч перш за ўсё звярнуў увагу на цэнтральныя мэты сінадальнага сходу — душпастырскую і місійную.
Намеснік сакратара Сіноду кс. Фартунато Фрэцца адзначыў, што гэты дакумент у пэўным сэнсе распрацоўвае саборную дагматычную канстытуцыю пра Аб’яўленне Божае «Dei Verbum», беручы за аснову вопыт, тэалагічную рэфлексію і душпастырскую працу Касцёла апошняй чвэрці ХХ стагоддзя і пачатку ХХІ стагоддзя.
Працоўны дакумент, які складаецца з трох частак, з’яўляецца дапамогаю для Сіноду ў лепшым разуменні асноўных аспектаў праўды пра Аб’яўленне Божае, а таксама дапамогаю ў аказанні ўплыву на жыццё Касцёла.
Першая частка мае назву «Таямніца Бога, які да нас прамаўляе». У ёй гаворыцца пра ідэнтычнасць Слова Божага паводле веры Касцёла, інтэрпрэтацыю Святога Пісання і пра паставу яго слухачоў. Назва наступнай часткі дакумента — «Слова Божае ў жыцці Касцёла». На яе старонках указваецца роля Слова Божага ў такіх сферах служэння Касцёла як прапаведніцтва, літургія, дабрачынная праца, тэалогія і штодзённае жыццё вернікаў. Апошняя, трэцяя частка, прысвечана разважанню над словам Божым у місіі Касцёла: евангелізацыя і катэхеза, месца слова Божага ў духоўнай фармацыі Божага народа, яго значэнне ў экуменічным, хрысціянска-габрэйскім і міжрэлігійным дыялогу. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
|