Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан — Камерун: першы пасол-рэзідэнт |
Святы Айцец |
17.06.2008 19:31 |
Трагічныя наступствы гандлю зброяй — гэта адна з праблемаў, якія закрануў Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з дыпламатычным прадстаўніком Камеруна (Заходняя Афрыка) пры Апостальскай Сталіцы. Антуан Занга, які 16 чэрвеня 2008 г. склаў даверчыя граматы, з’яўляецца першым паслом гэтай краіны, які будзе пастаянна знаходзіцца пры Апостальскай Сталіцы. У межах свайго паслання Бэнэдыкт XVI звярнуўся з заклікам да гандляроў зброяй, каб задумаліся над наступствамі сваёй дзейнасці, а таксама заклікаў міжнародныя супольнасці, каб разам з мясцовымі ўладамі працавалі над абмежаваннем гандлю зброяй і такім чынам садзейнічалі гарантаванню міру ўсім краінам свету. Святы Айцец закрануў гэтую праблему ў кантэксце канфліктаў у Афрыцы — на «Чорным кантыненце». Пантыфік нагадаў, што насілле найчасцей б'е па нявінных людзях, церпіць з гэтай прычыны таксама і Касцёл. Не так даўно ў Камеруне ахвярамі насялля сталі місіянеры, сярод якіх — французскі арцыбіскуп Іў Плюме (1991 г.) і нямецкі кларэтын брат Антон Пробст (2003 г.), а таксама камерунскі езуіт а. Анжэльбер Мван (1995 г.). Святы Айцец адзначыў павелічэнне колькасці эмігрантаў з суседніх краінаў. Бэнэдыкт XVI звярнуўся да пагаднення з уладамі Камеруна, падрыхтоўкай якога займаюцца міжнародныя інстытуты, мэта якога — памяншэнне ці нават ліквідацыя знешніх запазычанасцяў і справядлівы падзел дабротаў, і пажадаў, каб гэтае пагадненне дапамагло ў эканамічна-сацыяльным развіцці народу. Камерун, як і многія іншыя дзяржавы, а асабліва ў Афрыцы, церпіць з прычыны актуальнай гаспадарчай кан’юнктуры. «Каб перамагчы цяжкасці, безумоўна, патрэбны як міжнародныя, так і лакальныя намаганні», — падкрэсліў Святы Айцец. Антуан Занга мае 60 гадоў. Новы пасол Камеруна пры Апостальскай Сталіцы атрымаў ступень кандыдата юрыдычных навук у Парыжы, дзе таксама вывучаў міжнароднае права. Выкладаў ва універсітэце ў Яундзе (сталіца Камеруна), а таксама займаў многія урадавыя пасады. Перад назначэннем на пасаду пасла Камеруна пры Апостальскай Сталіцы з’яўляўся міністрам пошты і тэлекамунікацый. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.