Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан: палій — адзнака асаблівага служэння
Святы Айцец
25.06.2008 14:37
29 чэрвеня 2008 г. у Рыме з рук Святога Айца Бэнэдыкта XVI атрымае палій 41 іерарх з розных частак свету. Сярод прызначаных за апошні год кіраўнікоў касцёльных правінцый, якія атрымалі гэтую адзнаку асаблівага служэння, — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ва ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла палій таксама атрымае першы грэка-каталіцкі Мітрапаліт Прэшава (Славакія) арцыбіскуп Ян Баб’як SI.

Папа Бэнэдыкт XVI разам з новымі мітрапалітамі будзе канцэлебраваць святую Імшу ў базыліцы святога Пятра. Ва ўрачыстасці прыме ўдзел Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І. Святы Айцец прамовіць гамілію супольна з праваслаўным іерархам. Пантыфік і Патрыярх разам прамовяць вызнанне веры і ўдзеляць благаслаўленне.  

Палій (лац. pallium) — элемент літургічнага адзення ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны з вышытымі воўнаю чорнымі крыжамі; на канцах — з абшытымі чорным шоўкам кавалачкамі свінца. Насіць палій мае права Святы Айцец (падчас кожнай Літургіі), а таксама адзначаныя асаблівым гонарам іерархі Касцёла (толькі на вялікія святы).

Палій Святога Айца сімвалізуе паўнату яго ўлады, палій арцыбіскупаў — паслухмянасць Папе і іх асаблівую блізкасць да Святога Пасаду.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.