Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Бэнэдыкт XVI уручыў палій Мітрапаліту Кандрусевічу
Святы Айцец
29.06.2008 18:20

На знак лучнасці са Святым Айцом Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў сёння ў базыліцы святога Пятра ў Рыме з рук Бэнэдыкта XVI палій. Разам з ім стужкі з белай авечай воўны атрымалі 40 прызначаных на працягу апошняга года мітрапалітаў.

Папа Бэнэдыкт XVI узначаліў урачыстую Літургію ў бызыліцы святога Пятра, якую канцэлебравалі разам з ім новапрызначаныя мітрапаліты. Ва ўрачыстасці прыняў удзел Канстанцінопальскі Патрыярх Барталамей І. Святы Айцец прамовіў разам з духоўным лідэрам сусветнага праваслаўя ўрачыстую гамілію. Абодва іерархі таксама прамовілі разам Вызнанне веры і ўдзялілі благаслаўленне.

Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел каля ста пілігрымаў з Беларусі, якія радаснымі воклічамі прывіталі Папу, калі той ускладаў палій на плечы Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Палій (лац. pallium) — элемент літургічнага адзення ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны з вышытымі чорнаю воўнаю крыжамі; на канцах — з абшытымі чорным шоўкам кавалачкамі свінца. Насіць палій мае права Святы Айцец (падчас кожнай Літургіі), а таксама адзначаныя асаблівым гонарам іерархі Касцёла (толькі на вялікія святы).

Палій Святога Айца сімвалізуе паўнату яго ўлады, палій арцыбіскупаў — паслухмянасць Папе і іх асаблівую блізкасць да Святога Пасаду.

Кс. А. Амяльчэня

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.