Кардынал Тарчызіо Бэртонэ: «Беларусь будзе асацыіравацца ў мяне з тварам кардынала Казіміра Свёнтка» |
Святы Айцец |
01.07.2008 20:04 |
З абліччам «вялікага старца, мужнага і непераможнага кардынала Казіміра Свёнтка» будзе асацыіравацца ў кардынала Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI, яго нядаўні візіт у Беларусь. Кардынал Тарчызіо распавёў таксама пра рэзультаты сваіх сустрэчаў з мясцовымі ўладамі. Ён адзначыў, «што, зразумела, засталіся ў яго памяці і іншыя вобразы — цудоўных сем’яў, прыгожых беларускіх традыцый, краіны, якая сустракае хлебам і соллю». Аднак ён прызнаўся, што «па-над усімі дамінуе вобраз гэтага „вялікага старца“, які зведаў столькі цярпенняў у сваім жыцці і якому неўзабаве споўніцца 94 гады». Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы сустрэўся з ім у Пінску, дзе кардынал Казімір Свёнтэк «надалей працуе з надзвычайнаю моцаю» і «запалам, годным захаплення», — працягваў кардынал Бэртонэ. «Ён расказаў мне пра сваё жыццё, распавёў пра шматлікія яго эпізоды. Мы сустракаліся ўжо шмат разоў, але магчымасць убачыць яго на месцы, у сваёй дыяцэзіі ў Пінску і ўбачыць таксама, з якой любоўю і павагай да яго ставяцца людзі, зрабілі на мяне моцнае ўражанне», — сцвердзіў найбліжэйшы супрацоўнік Бэнэдыкта XVI. Ён прызнаў таксама, што шаноўны кардынал Свёнтэк застаецца для яго «жывым, непахісным сведкам нязломнай веры і гісторыі веры, якая жыве». Кардынал Бэртонэ распавёў пра свою сустрэчу з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, і ацаніў іх як «вельмі пазітыўныя». «Сустрэчы гэтыя прынеслі канкрэтныя рэзультаты: перадусім гэта перспектыва падрыхтоўкі пагаднення з Беларуссю, (…) над якім абодва бакі павінны, зразумела, яшчэ папрацаваць», — сцвердзіў кардынал Бэртонэ. Ён таксама адзначыў, што было дасягнута пагадненне ў справе будаўніцтва новых касцёлаў, новай рэзідэнцыі Апостальскай нунцыятуры і біскупскай курыі ў Мінску. «Думаю, што на Беларусі — як, між іншым, і ў іншых краінах, асабліва на тэрыторыіі Усходняй Еўропы, — мы адкрылі новыя дарогі, якія, быць можа, да нядаўняга часу нельга было нават сабе ўявіць», — сцвярджае Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы. На пытанне, ці гэта апошняе яго падарожжа, кардынал Бэртонэ адказаў, што «дыпламатыя Апостальскай Сталіцы рухаецца, калі можна так сказаць, на двух крылах: адно крыло — гэта тыпова пастаральнае дзеянне (…), бо прадстаўнікі Папы ў розных краінах павінны аказваць дапамогу і падтрымку лакальным Касцёлам». Але ёсць таксама іншае (крыло) — місія развіцця, паляпшэння і інтэнсіфікацыі адносінаў з грамадзянскімі і нацыянальнымі ўладамі». Аднак кардынал нагадаў, што кожнае замежнае падарожжа адбываецца ад імя Папы, і яму таксама даецца справаздача адразу пасля вяртання ў Ватыкан. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |