Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Бэртонэ задаволены візітам у Беларусь
Святы Айцец
18.07.2008 22:12

Дыялог паміж разумам і верай аднаўляецца

«Беларусь — гэта краіна са здаровым дыялогам паміж верай і разумам», — такое меркаванне аб былой савецкай краіне было выказана кардыналам Тарчызіо Бэртонэ падчас інтэрв’ю на Радыё Ватыкана, у газеце «L'Osservatore Romano» і ў тэлевізійным цэнтры Апостальскай Сталіцы.

«У самой краіне назіраецца вялікае імкненне да гэтага дыялога, таксама як і да Боскага Провіду ў адносінах да чалавека», — адзначыў кардынал Бэртонэ.

«Дыялог паміж верай і розумам, які падчас камуністычнай дыктатуры знаходзіўся ў задушаным стане, цяпер аднаўляецца. Выдатны факультэт тэалогіі БДУ ў Мінску з’яўлецца цэнтрам, які наведваюць як многія праваслаўныя і католікі, так і няверуючыя людзі з мэтай пошукаў адказаў на пытанні, якія датычаць веры».

Таксама кардынал Тарчызіо здагаў пра яго сустрэчы з прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных справаў і старшынёй Савета міністраў па пытаннях нацыянальнасцяў і рэлігій.

«Сустрэчы мелі вельмі пазітыўны характар, і мы дасягнулі пэўных вынікаў», — адзначыў ватыканскі чыноўнік. — Перадусім існуе рэальная перспектыва аб падпісанні паўнавартаснага пагаднення з Беларуссю». Таксама кардынал адзначыў «атмасферу супрацоўніцтва на дыпламатычным узроўні».

«Я лічу, што ў Беларусі, як і ў іншых краінах усходнееўрапейскага рэгіёна, мы адчынілі новыя перспектывы, наладжванне якіх яшчэ нядаўна было неверагодным. Аб гэтым сведчыць своечасовасць асабістых сустрэчаў, прыватных аўдыенцый з лідэрамі грамадскага жыцця і ўрадаў гэтых краінаў».

 

Экуменічная гармонія

«Сёння ў Беларусі пануе не толькі атмасфера талерантнасці, але і атмасфера згоды, сапраўднай згоды паміж рознымі канфесіямі, асабліва паміж прадстаўнікамі хрысціянскіх супольнасцяў», — падкрэсліў кардынал.

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы пацвердзіў, што ён быў асабліва ўражаны фактам наяўнасці «сапраўды ідылічнага пагаднення, павагі і ўзаемнай падтрымкі ініцыятываў паміж рознымі Цэрквамі».

Прадстаўнік Ватыкана таксама адзначыў удзел праваслаўных іерархаў ва ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да яго візіту.

Ён таксама адзначыў важнасць прыняцця пагаднення з Мітрапалітам Філарэтам аб неабходнасці паспрыяць павелічэнню прысутнасці рэлігіі ў грамадстве. «У краіне існуе здаровае, канструктыўнае супрацоўніцтва ў справе стварэння новых святыняў. Ён паказаў мне цэлую галерэю цэркваў, пабудаваных за час яго працы на пасадзе Мітрапаліта. Таксама Мітрапаліт Філарэт ухваляе ўзвядзенне каталіцкіх храмаў, бо ўсе гэтыя святыні будуць знакамі Боскай прысутнасці паміж людзьмі».

Акрамя таго, кардынал Бэртонэ пацвердзіў факт існавання братніх адносінаў паміж католікамі ўсходняга і лацінскага абрадаў.

Таксама кардынал Бэртонэ ўзгадаў прадстаўнікоў Лютэранскай Царквы, паслядоўнікаў Сусветнага Біблейскага Саюза і веруючых з мусульманскай супольнасці, якія прысутнічалі на развітальнай сустрэчы ў Мінску.

 

Жыццё Касцёла

На заканчэнне інтэрв’ю Дзяржаўны сакратар Яго Святасці адзначыў, што, «хоць католікі ў Беларусі ў меншасці, іх кольксць, тым не менш, вялікая, і яны актыўна і з энтузіязмам вызнаюць сваю веру».

«Католікі даюць сведчанне каштоўнасцяў, якія знаходзяць падтрымку ў грамадстве і сярод прадстаўнікоў улады. Да ліку гэтых каштоўнасцяў адносяцца: каштоўнасць жыцця, сям’і, адукацыі і здароў’я», — падкрэсліў кардынал.

Праца дабрачыннай арганізацыі «Карытас», якая аказвае дапамогу людзям, пацярпеўшым ад Чарнобыльскай катастрофы, а таксама тым, хто жыве ў нястачы, была асаблівым чынам адзначана папскім прэлатам. Ён таксама ўспомніў тую шматлікую моладзь, якая складае важную частку каталіцкай супольнасці краіны і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх грамадскіх святах і працэсіях.

Асаблівае ўражанне ў памяці высокага госця пакінуў кардынал Казімір Свёнтэк, які перажыў часы камуністычнага пераследу Касцела на Беларусі.

«Упершыню я сустрэўся з гэтым велічным старцам, якому хутка споўніцца 94 гады, у Пінску, — успамінае ватыканскі чыноўнік. — Сення ён працягвае выконваць сваю апостальскую працу і пастырскі план з выключнай сілай і адданасцю. Мы ўжо сустракаліся з ім некалькі разоў, але кожны раз, як бачу яго ў Пінскай дыяцэзіі, дзе вернікі яго атуляюць любоўю і павагай, я ўзрушваюся вельмі моцна».

«У тыя дні падчас святкавання моладзь разважала аб мучаніках, сведках мінулага і сучаснасці. Кардыналу Свёнтку, непарушнаму сведку сучаснасці, вера якога не вагаецца і гісторыя веры якога працягваецца, маладыя людзі падаравалі букет кветак».

 Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.