Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Айцец Фэдэрыко Ламбардзі: СДМ у Мадрыдзе будзе знакам надзеі, а не канфрантацыі
Святы Айцец
25.07.2008 15:27
Сусветны дзень моладзі ў 2011 г. у Мадрыдзе — таксама, як у Сіднэі, — будзе пасланнем надзеі, а не канфрантацыі. У гэтым упэўнены кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду а. Фэдэрыко Ламбардзі SI. У размове з Радыё Ватыкана ён падкрэсліў, што, хоць веруючыя ў цяперашні час павінны супрацьстаяць шматлікім знешнім цяжкасцям, хрысціянства ўсё роўна не перастае быць «Добрай Навінай». Кіраўнік прэс-службы Ватыкана растлумачыў, што Дні моладзі вяртаюцца ў Еўропу, між іншым, таму, што Афрыка па-ранейшаму не гатова арганізаваць такую сустрэчу, хаця б з пункту гледжання бяспекі.

«Еўропа шматразова прымала Сусветныя дні моладзі. Аднак яна з’яўляецца кантынентам, на якім жывая вера надалей змагаецца з праблемамі сучаснага і секулярызаванага грамадства», — адзначыў а. Ламбардзі. Ён нагадаў, што Папа часта гаворыць пра пагрозы, звязаныя з тым, што Еўропа згубіла яе фундаментальныя каштоўнасці, якія вынікаюць з хрысціянскай традыцыі, а таксама пра ўклад веры ў развіццё гэтага кантыненту. На думку а. Фэдэрыко Ламбардзі, гэта будзе адной з тэмаў бліжэйшых Дзён моладзі ў Мадрыдзе, але гэта не будзе спробаю нейкай канфрантацыі з тамашняй рэчаіснасцю.

«Я памятую цудоўную Сусветную сустрэчу сем’яў у Валенсіі і абсалютна пазітыўнае пасланне Папы, якое канцэнтравалася на прыгажосці быцця хрысціянінам і на пазітыўных пытаннях для сучаснай сям’і. У часы, калі сям’я перажывае вялікія цяжкасці, хрысціянства не перастае быць „Добрай Навінаю“», — падкрэслаў італьянскі езуіт.

Кажучы пра будучы Дзень моладзі ў сталіцы Іспаніі, кіраўнік прэс-службы Ватыкана выказаў упэўненасць у тым, што яго духам будзе пасланне надзеі, у якім будзе падкрэслівацца, што вера ў вялікай ступені стварае будучыню нашых грамадстваў і ўсяго свету.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.