Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Новы камендант Папскай Швейцарскай Гвардыі |
Святы Айцец |
20.08.2008 18:28 |
Бэнэдыкт XVI прызначыў новага каменданта Папскай Швейцарскай Гвардыі. Ім стаў 36-гадовы Даніэль Рудольф Анрыг, які адначасова быў узведзены ў ранг палкоўніка. Даніэль Рудольф Анрыг нарадзіўся 10 ліпеня 1972 г. у Швейцарыі, жанаты, мае чацвёра дзяцей. З 1992 па 1994 гг. з’яўляўся воінам Швейцарскай гвардыі. Пасля вяртання на радзіму скончыў навучанне па спецыяльнасці грамадзянскага і касцельнага права ва ўніверсітэце ў Фрыбургу. З 1999 па 2001 гг. — асістэнт кафедры грамадзянскага права ў фрыбургскім універсітэце. На працягу наступных чатырох гадоў з’яўляўся кіраўніком крымінальнай паліцыі ў кантоне Гларус (Швейцарыя), пасля чаго ў 2006 г. стаў капітанам і галоўным камендантам паліцыі гэтага кантона. Анрыг стаў 34-ым камендантам Папскай Швейцарскай Гвардыі ў яе гісторыі, якая налічвае больш за 500 гадоў. Датаю заснавання Папскай Гвардыі можна лічыць 22 студзеня 1506 г., калі 150 гвардзейцаў пад камандаваннем капітана Каспара фон Зіленэна прыбыла ў Рым па запрашэнні Папы Юлія ІІ (пантыфікат — 1503–1513 гг.). Папская Гвардыя выконвае ганаровы абавязак аховы Папы і Апостальскага Палаца, а таксама межаў дзяржавы Ватыкан. З нядаўняга часу яе члены суправаджаюць Святога Айца ў замежных падарожжах. Сапраўдным подзвігам, а таксама баявым хрышчэннем найменшай арміі ў свеце лічыцца бітва гвардзейцаў з 20-тысячнаю арміяй імператара Карла V падчас славутай аблогі Рыма («sacco di Roma») 6 мая 1527 г. Падчас абароны Папы загінула 142 са 189 гвардзейцаў. Гэта была самая вялікая трагедыя ў гісторыі Швейцарскай Гвардыі. У памяць пра гэтыя падзеі прысяга новых рэкрутаў штогод адбываецца 6 мая. На плошчы Святога Пятра новыя гвардзейцы складаюць сваю прысягу Святому Айцу ў прысутнасці амбасадара Швейцарыі. На сённяшні дзень Папская Гвардыя налічвае 110 гвардзейцаў. На службу прымаюцца толькі жыхары Швейцарыі каталіцкага веравызнання. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.