Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
30-я гадавіна з дня абрання Папам Яна Паўла І |
Святы Айцец |
26.08.2008 19:19 |
Пасля свайго абрання на Пятрову Сталіцу Ян Павел І адразу здабыў сімпатыю свету. Ён выйшаў прывітаць вернікаў з перакрыўленай белай піускай на галаве, з усмешкаю дзіцяці, якое «бездапаможна» разводзіць рукамі ў лоджыі базылікі святога Пятра і нібы хоча сказаць: «Паглядзіце, што са мною зрабілі». Патрыярх Венецыі кардынал Альбіно Лучані стаў Папам 26 жніўня 1978 г. Гэта быў першы Папа, які ўзяў падвойнае імя, падкрэсліваючы гэтым свой намер працягваць справу аднаўлення Касцёла, пачатую яго папярэднікамі — Янам XXIII і Паўлам VI. Пра гэта ён паведаміў у сваёй першай прамове: «Я так сабе падумаў: Папа Ян удзяліў мне біскупскую сакру вось ў гэтай базыліцы святога Пятра. Затым, хоць і не быў я гэтага годны, прыйшоў яму на змену ў катэдру святога Марка ў Венецыі, у той Венецыі, якая яшчэ і цяпер напоўнена Папам Янам. Узгадваюць яго гандальеры, законныя сёстры — усе. Папа Павел не толькі стварыў з мяне кардынала, але за некалькі месяцаў да гэтага на кладцы на залітай вадою плошчы Святога Марка зрабіў так, што я пачырванеў у прысутнасці 20 тысяч чалавек, бо ён зняў стулу і паклаў яе на мае плечы. Яшчэ ніколі я так не чырванеў! З іншага боку, гэты Папа на працягу 15-ці гадоў свайго пантыфікату не толькі мне, але і ўсяму свету паказваў, як любіць, як служыць, як працаваць і цярпець дзеля Касцёла Хрыстовага. Таму я сабе сказаў: буду называцца Янам Паўлам. Не маю ані мудрасці сэрца Папы Яна, ані падрыхтоўкі і культуры Папы Паўла, але я на іх месцы, таму павінен старацца служыць Касцёлу. Веру, што будзеце падтрымліваць мяне сваімі малітвамі». Прамова Яна Паўла І уражвала незвычайнай прастатою. Папа Лучані гаварыў так, як гаворыць айцец да сваіх дзяцей. Кардынал Альбіно адмовіўся ад традыцыйнай каранацыі на плошчы Святога Пятра, прыняўшы толькі палій, які сімвалізуе паўнату ўлады Святога Айца. Ён стаў першым у гісторыі Папам, які паходзіў з рабочай сям’і. Праз трыццаць тры дні пасля абрання Папам Ян Павел І раптоўна памёр. Працэс беатыфікацыі Слугі Божага Альбіно Лучані — Папы Яна Паўла І распачаўся 23 лістапада 2003 г. Дыяцэзіяльны этап беатыфікацыйнага працэсу завяршыўся 10 лістапада 2006 г. За сваё прыязнае стаўленне да людзей і шчырую ўсмешку Ян Павел І быў названы «Папам усмешкі». |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.