Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Амато пра беатыфікацыю Яна Паўла ІІ: працэс ідзе наперад |
Святы Айцец |
26.09.2008 18:16 |
Беатыфікацыя Яна Паўла ІІ не супадзе з 30-й гадавінай яго пантыфікату, якая будзе адзначацца 16 кастрычніка 2008 г., але, як адзначыў прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі арцыбіскуп Анджэло Амато, яна на добрай дарозе, а перш за ўсё — «у добрых руках». «Працэс ідзе наперад вельмі добра. Мы знаходзімся на этапе апрацоўкі positio (г. зн. збору ўсіх дакументаў у сістэматычным парадку — заўв. рэд.), а значыць трэба яшчэ трошкі часу», — адзначыў арцыбіскуп Амато. Прэфект кангрэгацыі паведаміў таксама, што ў Польшчы, куды ён накіроўваецца на беатыфікацыю кс. Міхала Сапоцькі, якая адбудзецца ў Беластоку, напэўна, яго будуць «атакаваць пытаннямі на гэтую тэму». «Святы Айцец заклікаў нас хутчэй вырашаць гэтую справу», — нагадаў арцыбіскуп Амато. Ён ужо сустракаўся з пастулатарам беатыфікацыйнага працэсу Яна Паўла ІІ кс. Славамірам Одэрам, які займаецца падрыхтоўкай чацвёртага тома positio, дзе змешчана дадатковая дакументацыя. Працу пастулатара арцыбіскуп Амато назваў «сапраўдным цудам»: «Гаворка ідзе пра 25-гадовы пантыфікат, годны пахвалы, разнастайны, які аказаў такі вялікі дактрынальны ўплыў. (...) Прадставіць за такі кароткі час настолькі добрую дакументацыю — гэта амаль што цуд». |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.