Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI прыме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці «Біблейскага марафону»
Святы Айцец
03.10.2008 20:35
5 кастрычніка 2008 г. з нагоды адкрыцця ХІІ Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў, які будзе праходзіць на тэму «Verbum Domini in vita et missione Ecclesiae» («Слова Божае ў жыцці і місіі Касцёла»), Святы Айцец Бэнэдыкт XVI распачне «Біблейскі марафон», у якім прымуць удзел 1248 дэкламатараў. Каталіцкі Касцёл у Беларусі на асамблеі будзе прадстаўляць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.

У 19.10 па рымскім часе з акна Апостальскага палацу на плошчы Святога Пятра Пантыфік прачытае па-габрэйску першыя радкі Кнігі Быцця.

Каля базылікі Святога Ерузалемскага Крыжа ў Рыме дэкламатары будуць няспынна чытаць Біблію. Плануецца, што чытанне Святога Пісання завершыць 11 кастрычніка Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ.

Сярод дэкламатараў таксама 40 удзельнікаў Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў, 30 прадстаўнікоў пратэстанцкіх Цэркваў, 16 іудзеяў і 6 мусульман, прадстаўнікі манаскіх ордэнаў і кангрэгацый, тры былых прэзідэнты Італіі, прадстаўнікі ўлады Італіі, вядомыя рэжысёры, журналісты і грамадскія дзеячы.

Радкі з Бібліі будуць таксама прамаўляць трое сляпых, адзін фрагмент са Святога Пісання будзе паказаны на мове глуханямых. Між іншым, сярод удзельнікаў «Біблейскага марафону» — хор цыганаў і чацвёра зняволеных.

«Біблейскі марафон», прысвечаны Святому Пісанню і арганізаваны італьянскай тэлерадыёкампаніяй «RAI».

Працягвацца «Біблейскі марафон» будзе каля 140 гадзін.

Паводле матэрыялаў procatholic.ru
 
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.