Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: фінансавы крызіс — сведчанне безсэнсоўнай гонкі за грашамі |
Святы Айцец |
07.10.2008 20:12 |
Да праблемы актуальнага сусветнага фінансавага крызісу звярнуўся Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас распачацця працы ХІІ Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму «Verbum Domini in vita et missione Ecclesiae» («Слова Божае ў жыцці і місіі Касцёла»). «У банкроцтве вялікіх банкаў (...) мы бачым, што грошы — гэта нішто, што гэта другарадныя рэаліі, а хто на іх будуе, той нібы будуе на пяску», — падкрэсліў Святы Айцец. Пантыфік узгадаў словы Пана Езуса пра магчымасць будаваць дом на камні або на пяску. «Гледзячы па-чалавечы, слова, наша чалавечае слова, у рэчаіснасці з’яўляецца практычна нічым, дыханнем. Ледзь прамоўленае — знікае. Здаецца нічым... Аднак чалавечае слова валодае неверагоднаю сілай. Менавіта словы ствараюць гісторыю, менавіта словы фарміруюць думкі, з якіх узнікае слова. Менавіта слова стварае гісторыю, рэчаіснасць, — адзначыў Бэнэдыкт XVI.— Тым больш, асноваю ўсяго з’яўляецца Слова Божае, якое ёсць сапраўднаю рэчаіснасцю. Калі мы хочам быць рэалістамі, мы павінны разлічваць менавіта на гэтую рэчаіснасць. (...) Рэалістам з’яўляецца той, хто лічыць Слова Божае, — рэчаіснасць на выгляд вельмі слабую — асноваю ўсяго. Рэалістам з’яўляецца той, хто будуе ўласнае жыццё на гэтым фундаменце, які не знікае», — сказаў Бэнэдыкт XVI. Звяртаючыся да ўдзельнікаў асамблеі, а праз іх і да ўсіх хрысціянаў, Пантыфік заклікаў: «Выйдзем з абмежаванасці нашага досведу і ўвойдзем у рэчаіснасць, якая сапраўды універсальная. Уваходзячы ў адзінства са Словам Божым, мы ўваходзім у адзінства з Касцёлам, які жыве Словам Божым. (...) І такім чынам, выходзім да адзінства з усімі братамі і сёстрамі, з усім чалавецтвам, бо ў нашым сэрцы крыецца прага Слова Божага, якое ёсць адно». |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.