Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Новая энцыкліка Святога Айца Бэнэдыкта XVI з'явіцца ў гэтым годзе
Святы Айцец
09.10.2008 14:07
«Ужо ў гэтым годзе з’явіцца новая сацыяльная энцыкліка Бэнэдыкта XVI», — паведаміў падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай папскаму пасланню на 95-ы Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, старшыня Папскай рады душпастырства эмігрантаў і падарожнікаў, а таксама Папскай рады справядлівасці і супакою кардынал Рэнато Рафаэле Марціно.
Кардынал Марціно выказаў надзею, што Папа абнародуе сваю трэцюю энцыкліку ў гэтым годзе, бо «праект дакумента ўжо рэалізаваны».

У маі гэтага года ў адным з інтэрв’ю Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ прадставіў працоўны варыянт назвы трэцяй энцыклікі Бэнэдыкта XVI: «Не ведаю, ці застанецца назва „Caritas in veritate“ («Любоў у праўдзе»). (...) На сённяшні дзень ідэя такая, але пазней можа з’явіцца іншая». Кардынал Тарчызіо Бэртонэ падкрэсліў, што Святы Айцец не будзе паўтараць асноўныя палажэнні сацыяльнага вучэння Касцёла, але ўключыць у сваю энцыкліку арыгінальныя элементы, якія адпавядаюць нашаму часу.

У новай энцыкліцы Бэнэдыкт XVI нагадвае, між іншым, пра тое, што ўхіленне ад падаткаў парушае прынцып сацыяльнай справядлівасці. Акрамя таго, Святы Айцец звяртае ўвагу на неабходнасць развіцця сусветнай эканомікі ў кірунку прадухілення несправядлівасці і дыскрымінацыі, якія з’яўляюцца вынікам глабалізацыі.

Першыя дзве энцыклікі Бэнэдыкта XVI прысвечаны хрысціянскай любові і хрысціянскай надзеі: «Deus Caritas est» («Бог ёсць любоў»), «Spe salvi» («У надзеі мы былі збаўленыя»).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.